Маляўнічае свята “Каляды”

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - пт, 13/12/2019 - 14:42

11 снежня ў актавай зале Славянскай бібліятэкі адбылося маляўнічае свята “Каляды”, якое падрыхтавалі студэнты групы ГР-21 геолага-геаграфічнага і студэнты групы БФ-21  філалагічнага факультэтаў ГДУ імя Ф.Скарыны пад кіраўніцтвам прафесара кафедры рускай і сусветнай літаратуры Валянціны Станіславаўны Новак і дацэнта кафедры беларускай мовы Святланы Анатольеўны Вяргеенка.

Студэнты-геолагі Артур Самусеў, Юлія Катлярова, Станіслаў Голубеў, Антон Бурлевіч, выступаючы ў ролі вядучых, пазнаёмілі гледачоў са структурай калядна-навагодняй абраднасці, прывялі цікавыя прыклады пра святкаванне Каляд у некаторых раёнах рэгіёнаў Беларусі, паведамілі цікавыя звесткі пра тое, як спраўляліся тры куцці, і якія ў народзе прыкметы і павер’і былі звязаны з Першай, Другой і Трэцяй куццёй.

На сцэне арганічна “ўпісаліся” ў свае ролі гаспадара і гаспадыні, іх дачкі Арцём Фурсевіч, Аляксандра Карнеева, Вольга Гулай. Каларытнымі былі персанажы дзеда-павадыра і “казы”, ролі якіх выконвалі Мікіта Фількоў і Ігар Сацукевіч.

Развесялілі гледачоў і непаўторныя вобразы пераапранутых калядоўшчыкаў – Кірыла Кірыленкі, Ігара Кірэева, Алега Лісіцкага, Ягора Сцепаненкі і Паўла Лукашэвіча. Выдатна абыгралі свае ролі – цыганкі і чорта – Яна Сафановіч і Вячаслаў Лунёў.

Усе абрадавыя дзеянні, якія разыгрывалі студэнты-геолагі, гарманічна  дапаўняліся спевамі студэнтаў-філолагаў Аляксандры Дрывайлы, Веранікі Дземідовіч, Лідзіі Дубінай і Марыі Кочкінай у музычным суправаджэнні Мікалая Мікалаевіча Гатальскага.  Варта  адзначыць вялікую ролю ў падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства студэнткі групы БФ-21 Аляксандры  Дрывайлы, якая актыўна дапамагала ў напісанні сцэнарыя і правядзенні рэпетыцый.

Заключным акордам калядных святкаванняў  у Славянскай бібліятэцы было выступленне  студэнта групы  ГР-21 Джайхуна Сараева, які  пазнаёміў прысутных з асаблівасцямі святкавання Новага года  (“Новруз”) ў Туркменістане. Сваё выступленне Джайхун суправаджаў цікавай прэзентацыяй.

Гледачы былі ўзрушаны шчырасцю, душэўным цяплом студэнтаў, якія так натхнёна імкнуліся данесці да аўдыторыі подых мінулага продкаў, абудзіць цікавасць да векавых традыцый. З вуснаў маладых людзей так натуральна гучала беларуская мова, і гэта зачароўвала  прысутных, якія дзякавалі студэнтам і выкладчыкам за радасць далучэння  да крыніц народнай мудрасці, за тое, што была такая цудоўная нагода прычасціцца да роднага слова.

Святлана ВЯРГЕЕНКА,
дацэнт кафедры беларускай мовы
Валянціна НОВАК,
профессор кафедры русской и мировой литературы 

Фотоотчёт