Уклад ГДУ імя Ф. Скарыны ў напісанне энцыклапедыі “Янка Купала”

Dmitry_Gorbachev 提交于 周三, 06/02/2019 - 17:07

У кнігарнях Гомеля з’явіўся апошні, трэці том энцыклапедыі “Янка Купала”. Выданне яе ў 2017 – 2018 гадах ажыццявіла выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Першы том выпушчаны ў 2017 г., а два наступныя – у 2018 г.

Энцыклапедыя падрыхтавана, як значыцца на адвароце тытульнага ліста, сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы, Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С. Пушкіна, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Ф. Скарыны і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. Выданне ажыццёўлена ўсяго праз 21 год пасля выхаду аднатомнага энцыклапедычнага даведніка “Янка Купала” (1986), які складаўся з 753-х старонак.

У напісанні гэтага даведніка прынялі ўдзел толькі два тагачасныя супрацоўнікі ўніверсітэта: загадчык кафедры беларускай літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар І.Ф. Штэйнер (напісаў 8 артыкулаў) і дацэнт гэтай кафедры, кандыдат філалагічных навук, вядомы беларускі паэт В.У. Ярац (напісаў 30 артыкулаў); тры былыя супрацоўнікі: загадчык кафедры беларускай літаратуры ў 1970 – 1980 гг., доктар філалагічных навук прафесар М.М. Грынчык (напісаў 103 артыкулы), дацэнты гэтай жа кавфедры таго ж перыяду, кандыдаты філалагічных навук М.П. Луфераў (напісаў 6 артыкулаў) і М.А. Янкоўскі (напісаў таксама 6 артыкулаў). Ні пра аднаго супрацоўніка ўніверсітэта ў даведніку няма артыкула.

У гэтым плане цяперашняя энцыклапедыя выгадна адрозніваецца. Тры тамы яе налічваюць 1312 старонак. У склад яе рэдакцыйнай калегіі ўваходзілі выпускніца філалагічнага факультэта нашага ўніверсітэта, літаратуразнавец, паэтэса, кандыдат філалагічных навук І.Э. Багдановіч і загадчык кафедры беларускай літаратуры, доктар  філалагічных навук прафесар І.Ф. Штэйнер. У ёй змешчаны артыкулы пра былых супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта: загадчыка кафедры беларускай мовы, яе прафесара, доктара філалагічных навук У.В. Анічэнку (т. 1, с. 44); загадчыка кафедры беларускай літаратуры, доктара філалагічных навук прафесара М.М. Грынчыка (т. 1, с. 270); дацэнта кафедры беларускай літаратуры, кандыдата філалагічных навук, вядомага паэта В.У. Яраца (т. 3, 433); пра выпускнікоў І.Э. Багдановіч (т. 1, с. 71) і А.М. Зэкава – вядомага паэта (т. 3, с. 437); цяперашніх супрацоўнікаў: прафесара кафедры беларускай мовы, доктара філалагічных навук А.А. Станкевіч – (т. 3, с. 240) і І.Ф. Штэйнера (т. 3, с. 392).

Усе яны ўнеслі значны ўклад у вывучэнне і даследаванне паэтычнай, драматургічнай, публіцыстычнай творчасці і грамадскай дзейнасці Я. Купалы, а таксама мовы яго твораў. Канкрэтна пра гэта расказваецца ў названых вышэй біяграфічных артыкулах.

З выпускнікоў універсітэта артыкулы ў энцыклапедыю напісала толькі Ірына Эрнстаўна Багдановіч: уступны артыкул на цэлы разварот “Янка Купала” (т. 1, с. 4 – 5), вялікі артыкул “Максім Багдановіч” (т. 1, с. 71-72), яшчэ большы аглядны артыкул “Купалазнаўства” (разам з вядучымі беларускімі літаратуразнаўцамі У.В. Гніламёдавым, М.І. Мушынскім і М.Р. Ярошам, т. 2, с. 97 – 103).

З цяперашніх супрацоўнікаў універсітэта ў напісанні артыкулаў прынялі ўдзел 6 чалавек. Па колькасці і аб’ёме апублікаваных артыкулаў на першым месцы з вялікай перавагай заканамерна аказаўся загадчык кафедры беларускай літаратуры, доктар філалагічных навук прафесар І.Ф. Штэйнер. У яго 25 артыкулаў – пра канкрэтныя купалаўскія вершы, балады і паэму “Над ракой Арэсай”, аб М.М. Грынчыку (змешчаны ва ўсіх трох тамах). Прафесар кафедры беларускай мовы, доктар філалагічных навук В.А. Ляшчынская напісала 2 артыкулы – “Слоўнік мовы Янкі Купалы” (т. 3, с. 223 – 224) і “Слоўнік фразеалагізмаў мовы твораў Янкі Купалы” (т. 3, с. 224). Аўтар гэтых радкоў змясціў у энцыклапедыі таксама 2 артыкулы: “Беларуская літаратурная мова і Янка Купала” (т. 1, с. 107 – 108) і “Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну” (т. 3, с. 68). Частка гэтага пісьма, напісаная Янкам Купалам, – самая лепшая ў мастацкіх адносінах. Па адным артыкуле напісалі наступныя супрацоўнікі ўніверсітэта: дацэнт кафедры гісторыі славян і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кандыдат гістарычных навук С.Ф. Верамееў (“Вальфсон Сямён (Самуіл) Якаўлевіч”, т. 1, с. 157); дацэнт  кафедры беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук Л.М. Мінакова (“Станкевіч Аляксандра Аляксандраўна”, т. 3, с. 240); дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, намеснік дэкана гістарычнага факультэта па навуковай рабоце, кандыдат гістарычных навук В.А. Міхедзька пра верш Я. Купалы “Водклік з 29 кастрычніка 1905 г. у Мінску” (т. 1, с. 189).

Канстанцін Усовіч, 
спецыяліст інфармацыйна-аналітычнага аддзела
 

照片报告