У ГДУ адбылося адкрыццё абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах

Submitted by ias on сер, 09/01/2019 - 10:56

8 студзеня ў актавай зале Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны адбылося ўрачыстае адкрыццё трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у Гомельскім рэгіёне.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Парошын, а таксама прарэктар ГДУ імя Ф. Скарыны Юрый Нікіцюк.

Абласны этап пройдзе з 8 па 12 студзеня. Веды па 18 вучэбных прадметах прадэманструюць 1060 навучэнцаў з усіх раёнаў вобласці і Гомеля. Паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі, найбольшая колькасць удзельнікаў заяўлена па матэматыцы (129), а таксама па рускай (99) і беларускай (95) мовах і літаратуры. У гэтым годзе ўпершыню будзе праводзіцца алімпіяда па фізічнай культуры і здароўю.

Пляцоўкамі для правядзення абраныя ўстановы адукацыі ў Гомелі і Жлобіна. Практычныя туры па інфарматыцы, біялогіі, хіміі пройдуць на базе Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны.

У рабоце журы будзе задзейнічана звыш 140 выкладчыкаў, больш за 100 з іх - выкладчыкі нашага універсітэта.