Акадэмічнае супрацоўніцтва ў сферы бізнэс-адміністравання

Submitted by Darina_Pastushenko on сер, 09/01/2019 - 12:23

У снежні 2018 года загадчык кафедры эканомікі і кіравання Іна Бабына прайшла стажыроўку вучэбна-метадычнага характару на кафедры бізнес-адміністравання Інстытута бізнесу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Бізнес-адміністраванне — сучасны кірунак у развіцці эканамічнай адукацыі, якi асвойваецца кафедрай эканомікі і кіравання універсітэта. Гэтая дзейнасць ажыццяўляецца ў рамках адкрытай спецыяльнасці "Бізнес-адміністраванне", набор на якую будзе ажыццяўляцца з 2019 года. Для распрацоўкі эфектыўнага адукацыйнага працэсу вывучаецца вопыт беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі, якія працуюць у дадзенай сферы.

У ходзе стажыроўкі Іна Уладзіміраўна азнаёмілася з навучальным планам спецыяльнасці, навучальнымі праграмамі і лекцыйнымі курсамі кафедры. Загадчык кафедры бізнес-адміністравання Юрый Каралёў падзяліўся вопытам арганізацыі курсавога і дыпломнага праектавання, вытворчых практык, сучаснымі формамі актывізацыі работы студэнтаў (удзел студэнтаў у форумах, вэбiнарах, распрацоўка праектаў), выкладання дысцыплін у галіне бізнес-адміністравання на англійскай мове.

Надзвычай цікавыя сустрэчы адбыліся з выкладчыкамі кафедры. Максім Мароз падзяліўся вопытам выкладання такіх важлiвых для будучых менеджэраў-эканамістаў дысцыплін як «Прадпрымальніцтва» і «Упраўленне праектамі». Усе заданні, з якімі ўдалося пазнаёміцца, грунтуюцца на сучасных замежных падыходах і накіраваны на фарміраванне навыкаў стратэгічнага мыслення, каманднай працы, эфектыўных бізнес- камунікацый, пастаяннага самаўдасканалення, што неабходна для паспяховага станаўлення выпускнікоў у будучыні. Таццяна Прохарава распавяла аб вопыце арганізацыі куратарскай працы ў інстытуце і функцыянаванні інстытута цьютарства, які прадугледжвае замацаванне праз студэнцкі савет куратараў 1 курса з ліку студэнтаў 2 курса (у дапамогу выкладчыку-куратару), што спрыяе развіццю сістэмы самакіравання ў навучальнай установе. Таццяна Уладзіміраўна таксама дала магчымасць ацаніць арганізацыю і вынікі кіруемай самастойнай работы першакурснікаў спецыяльнасці "Бізнес-адміністраванне", якія ў рамках вывучэння дысцыпліны "Асновы мэнэджменту» прэзентавалі свае праекты па тэме "Мэнэджмент ХХI стагоддзя», прадставіўшы такія віды мэнэджменту як стратэгічны, рызыка-мэнэджмент , сэлф-мэнэджмент, інфармацыйны і інвестыцыйны мэнэджмент, піяр-мэнэджмент. Асаблівая падзяка Алене Гопка, якая аказала садзейнічанне ў арганізацыі самой стажыроўкі, а таксама стала цікавым суразмоўцам па пытаннях выкладання дысцыпліны «Бізнес-статыстыка», такой неабходнай для апрацоўкі вынікаў палявых даследаванняў або статыстычных дадзеных, праверкі гіпотэз ў працэсе прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў. Вынікам навуковага ўзаемадзеяння стаў сумесны артыкул на тэму «Фактары эканамічнага росту рэгіянальных эканомік Беларусі», падрыхтаваны для ўдзелу ў завочнай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Сучасныя праблемы і тэндэнцыі развіцця эканомікі і кіравання», арганізаванай ў Бранскім дзяржаўным інжынерна-тэхналагічным універсітэце.

Несумненна, цікавым і карысным з'яўляецца вопыт інстытута па інфармацыйным суправаджэнні адукацыйнага працэсу. У Інстытуце бізнесу БДУ выкарыстоўваецца адукацыйны партал на аснове сістэмы кіравання навучаннем (LMS) MOODLE (для першакурснікаў усіх спецыяльнасцяў навучання на I ступені) і на аснове сістэмы кіравання навучаннем (LMS) eLearningServer (для студэнтаў 2-4 курсаў усіх спецыяльнасцяў навучання на I ступені, магістрантаў, слухачоў праграм перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі), распрацавана палажэнне аб рэйтынгавай сістеме ацэнкі ведаў студэнтаў па дысцыплінах, якое ўвязана з магчымасцямі адукацыйнага партала ў частцы арганізацыі бягучага кантролю. Такі падыход стымулюе рабят да высокага ўзроўню самаарганізацыі і вельмі добра фармалізуе адукацыйны працэс. Выніковая адзнака па вучэбнай дысцыпліне складваецца з вынікаў працы студэнта ў семестры і вынікаў здачы самага іспыту.

Такім чынам, стажыроўка аказалася вельмі насычанай, несумненна, карыснай з пункту гледжання павышэння кваліфікацыі і развіцця акадэмічнага супрацоўніцтва ў сферы бізнес-адміністравання, што важна для станаўлення спецыяльнасці "Бізнес-адміністраванне» у нашым універсітэце. Выказваем падзяку за арганізацыю стажыроўкі загадчыку кафедры Юрыю Юр'евічу Каралеву, старэйшаму выкладчыку кафедры Алене Аляксееўне Гопка і спецыялісту кафедры Ірыне Аляксандраўне і спадзяемся на далейшае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.

Фотасправаздача