Свята паэзіі і музыкі

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пят, 13/09/2019 - 17:23

13 верасня ўдзельнікі Міжнароднага фестывалю “Літаратурныя дажынкі” – госці з Расіі і Украіны - наведалі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Спачатку адбылася цікавая і змястоўная сустрэча з рэктарам універсітэта С.А. Хахомавым. Затым удзельнікі мерапрыемстваў перамясціліся ў першы корпус, дзе мелі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй двух музеяў філалагічнага факультэта. Загадчык кафедры беларускай літаратуры І.Ф. Штэйнер распавёў наведвальнікам пра гісторыю стварэння Літаратурнага музея “Alma mater”, а загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры І.М. Афанасьеў расказаў пра работу літаратурна- асветніцкага цэнтра “Патрыётыка”.

Свята паэзіі і музыкі працягвалася ў студэнцкіх аўдыторыях. Удзельнікі фестывалю “Літаратурныя дажынкі” сустрэліся са студэнтамі 1 – 3 курсаў філалагічнага факультэта.  Пачаў сустрэчу старшыня Гомельскага абласнога аддзялення  ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч, які расказаў пра дзейнасць іх арганізацыі і перспектыўныя праекты для моладзі ў галіне прыгожага пісьменства.  Перад студэнтамі выступілі  пісьменнікі з Расіі, Украіны, Беларусі. Арыгінальныя трактоўкі жаночых імёнаў прагучалі са зборніка вершаў Анатоля Міроненкі – старшыні Саюза пісьменнікаў Украіны. Сваёй творчасцю падзяліўся Алег Дарагань – старшыня смаленскай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі. Будучыя філолагі даведаліся пра фестываль “Берагі дружбы”, які збірае маладых і таленавітых людзей з Беларусі, Украіны і Расіі. Арыгінальная музычная кампазіцыя прагучала ў выкананні Ірыны і Сяргея Дзюбы. Сваімі вершамі падзяліліся вядомая паэтэса, кіраўнік Школы маладога літаратара Ніна Шклярава і іншыя таленавітыя прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў. Лірычныя вершы, музычныя кампазіцыі, гумар – усё гэта пакінула незабыўныя ўражанні ў студэнтаў і выкладчыкаў.

Фота Уладзіміра Чысціка

Падраздзяленнi