АЛЬЯНС НАВУКІ І ТВОРЧАСЦІ

Submitted by ias on сер, 13/01/2021 - 16:37

Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Альянс” факультэта псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны атрымала грант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

СНДЛ «АЛЬЯНС» была створана ў рамках навукова-вучэбна-практычнай лабараторыі прыкладной псіхалогіі на факультэце псіхалогіі і давузаўскай падрыхтоўкі ў 1999 годзе. З 2001 года гэта самастойнае падраздзяленне кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі. Кіруе навуковым аб’яднаннем загадчык кафедры, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Таццяна Георгіеўна Шацюк. Намеснікі кіраўніка – старшыя выкладчыкі Вольга Уладзіміраўна Маркевіч і Вольга Анатольеўна Караткевіч.

– Для паляпшэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў мы актыўна прыцягваем іх да ўдзелу ў навукова-даследчай, творчай і навукова-практычнай дзейнасці ў сучасных галінах псіхалогіі, – распавядае Таццяна Георгіеўна. – Трэба сказаць, што студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя раней атрымлівала прэзідэнцкі грант двойчы, у 2003 і 2010 гадах.

Аб эфектыўнасці працы кажуць лічбы. За конкурсны перыяд удзельнікамі СНДЛ «Альянс» апублікавана 513 навуковых работ. Сярод іх: 3 артыкула ў часопісе з пераліку ВАК, 49 артыкулаў у рэцэнзуемых зборніках і часопісах, не ўключаных у пералік ВАК, 177 артыкулаў у рэцэнзуемых зборніках для маладых навукоўцаў і студэнтаў, 152 матэрыялу канферэнцый, якія не адносяцца да студэнцкіх, і 132 матэрыялу студэнцкіх канферэнцый.

– Толькі на працягу 2020 года студэнтамі і магістрантамі кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі былі апублікаваныя 189 навуковых прац, з іх 49 навуковых артыкулаў, 118 матэрыялаў навуковых канферэнцый, 22 тэзіса дакладаў навуковых канферэнцый, – адзначае навуковы кіраўнік СНДЛ.

Улетку сіламі выкладчыкаў і студэнтаў факультэта, у тым ліку ўдзельнікамі навукова-даследчай лабараторыі, на базе нашага ўніверсітэта была арганізавана і праведзена II Міжнародная завочная навукова-практычная канферэнцыя «Вектары псіхалогіі: псіхолага-педагагічнае суправаджэнне асобы ў сучасным адукацыйным асяроддзі». Паводле яе вынікаў выдадзены зборнік навуковых артыкулаў і праведзены конкурс на лепшы навуковы даклад студэнтаў, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі і краін СНД.

Кожны год студэнцкія дыпломныя, магістарскія і курсавыя работы прадстаўляюцца на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь і атрымліваюць высокую ацэнку камісіі. Маладыя людзі актыўна публікуюць вынікі сваіх даследаванняў у зборніках навуковых работ студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў ГДУ імя Ф. Скарыны “Творчасць маладых” і “Дні студэнцкай навукі”.

– У 2019 годзе намі было прадстаўлена 24 работы, адна з якіх была ўдастоена звання лаўрэата. 2 работы атрымалі дыплом 1 катэгорыі, 14 работ узнагароджаны дыпломам 2 катэгорыі і 7 работ – дыпломам 3 катэгорыі. У 2020 годзе да ўдзелу ў конкурсе навуковых работ студэнтаў Рэспублікі Беларусь па гуманітарных і сацыяльна-эканамічных навуках ад кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі было прадстаўлена 20 студэнцкіх навуковых работ. У мінулым годзе нам даслалі 23 акту аб укараненні вынікаў навукова-даследчай і доследна-канструктарскай працы ў навучальны працэс, – з гонарам паведамляе Таццяна Шацюк.

Ужо тры гады кафедра сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі ўзначальвае рэйтынг па навукова-даследчай рабоце студэнтаў ва ўніверсітэце, што сведчыць аб сістэмнай працы ў сферы студэнцкай навукі. Па выніках дзейнасці ў 2019-2020 навучальным годзе СНДЛ «Альянс» была прызнана лепшай студэнцкай навукова-даследчай лабараторыяй сярод усіх студэнцкіх навуковых лабараторый ГДУ імя Францыска Скарыны.

Велічыня гранта для студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Альянс» складае 64 584 рублёў (каля 25 тысяч долараў). Выдзеленыя сродкі дазволяць умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу лабараторыі, што будзе ў сваю чаргу спрыяць арганізацыі і паспяховай рэалізацыі шэрагу навукова-даследчых і валанцёрскіх праектаў.

Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў будуць выдзелены сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўсяго трох навуковых аб’яднанняў. Акрамя Гомельскага дзяржуніверсітэта ў гэты спіс увайшлі студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Рэгіянальная геалогія, геахімія і геафізіка” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і студэнцкі навуковы гурток “Археалагічны атрад” Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Кацярына КАВАЛЕНКА

 

Падрабязная інфармацыя аб працы СНДЛ «Альянс»

Фотасправаздача