Мір даўжынёю ў жыццё

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - пн, 27/11/2023 - 17:44

Сёлетні юбілей вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – знамянальны: 80 гадоў. Гэта, можна сказаць, працягласць жыцця чалавека, калі ўсведамляеш імклівы бег часу, калі разумееш, што эстафета памяці перадаецца новым пакаленням – унукам і праўнукам тых, хто вызваляў Радзіму ад страшэннай навалы і хто ўжо сышоў у Вечнасць. Днём 26 лістапада 1943 года для нашага шматпакутнага горада была скончана варожая акупацыя, горад уздыхнуў вальней, хаця ляжаў ён у руінах, а са 140 000 чалавек насельніцтва засталося каля 15 000, а да пераможнай вясны 1945 года заставалася яшчэ паўтара гады…

І вось чарговы мітынг каля Вечнага агню, які завяршаў фактычна цыкл святочных мерапрыемстваў, што распачаўся ў горадзе яшчэ 23.11.23 з удзелам прадстаўнікоў розных факультэтаў нашай альма матэр. Шмат моладзі, кветак, сцягоў, парад вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі, рэзкія гукі святочнага салюта. Чым адгукаецца сёння ўсё гэта ў нашых сэрцах на фоне складаных і супярэчлівых святовых падзей? У кожнага свой адказ.

Між тым, бадзёрым сонечным ранкам 26.11.2023 на плошчы Працы наш універсітэт быў годна прадстаўлены шматлікай групай студэнтаў і выкладчыкаў, якія прынялі актыўны ўдзел у святкаванні такой знакавай гадавіны. Урачыстасць пачалася па-ваеннаму дакладна: акурат а 11:00 голас вядучага парушыў марозную цішыню, а некалькімі хвілінамі пазней да жыхароў і гасцей горада з віншавальным словам звярнуўся Уладзімір Аляксандравіч Прывалаў, старшыня Гомельскага гарвыканкама.

Ва ўрачыстасцях па ўшанаванні памяці палеглых у баях за Гомель байцоў і камандзіраў прынялі ўдзел кіраўнікі раёнаў Гомельшчыны, дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў, дэпутаты Палаты Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. Гучалі матывы знаёмых мелодый далёкіх савецкіх часоў. У час мітынгу Буда-Кашалёўскаму раёну быў ганарова перададзены Сцяг Перамогі ў памяць таго, што ўслед за нашым горадам 80 гадоў таму назад Чырвоная Армія ў выніку імклівых наступальных дзеянняў услед за Гомелем вызваліла ад фашысцкай нечысці гэты раён.

У святочным  юбілейным мітынгу і ўскладанні кветак на магілы герояў прынялі ўдзел выкладчыкі, працаўнікі дэканата і студэнты факультэта замежных моў: старшы вакладчык кафедры рамана-германскай філалогіі Алена Міхайлаўна Нарбут, спецыяліст дэканата Таццяна Уладзіміраўна Гардзеева, студэнты малодшых і старшых курсаў: Бауэр Ілья (гр. А-11), Васількова Вікторыя, Пастушэнка Арсеній (гр. А-12), Лаўшук Яна (гр. А-13), Якуш Рэната (гр. А-14), Бацюкова Яна (гр. А-24), Будава Валерыя, Калашнікава Вольга, Яруш Таццяна (гр. А-33), Дзеравянкіна Лізавета, Урбанчык Вольга, Зарэцкая Аляксандра, Удавенка Дзмітрый, Сіліванава Вікторыя (гр. А-34).

Пасля заканчэння мітынгу ўсе жадаючыя маглі перамясціцца на ўзбярэжжа Сажа, дзе пад стромкім пагоркам ладзілася відовішчная ваенна-гістарычная рэканструкцыя з адпаведнымі дэкарацыямі і тэхнікай, атакамі і стральбой, а таксама апетытна дымілася палявая кухня з салдацкай кашай… Запрашаем да агляду фотасправаздачы.

Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце
факультэта замежных моў
Рыгор Уладзіміравіч Серыкаў

Фотоотчёт
Видео