Як нараджаюцца экскурсіі

Опубликовано ias - пт, 23/04/2021 - 08:30

Колькасць замежных навучэнцаў на падрыхтоўчым аддзяленні перакрочыла на сёння ўжо за чатыры дзясяткі чалавек, і гэтая колькасць, натуральна, нараджае новую якасць: і ў навучанні, і ў выхаванні, і ў разнастайнасці міжкультурных зносін. Не дзіўна таму, што сярод 42-х слухачоў ПА заўсёды знойдзецца даволі дапытлівая душа, якая зацікавіцца і гісторыяй нашай краіны, і гісторыяй Гомеля, а таксама лёсам нашага ўніверсітэта. Вось аднойчы і прагучала на занятках па рускай мове пытанне пра дачыненне лётчыка Валерыя Чкалава да нашай alma mater.  

І так яно пачалося… Крыху слоў пра стварэнне Гомельскага педагагічнага інстытута ў 1930 г., потым прысваенне яму імя В.П. Чкалава ў 1939-м, а потым зайшла размова пра выдатных землякоў Гомельшчыны: А. А. Грамыку, міністра замежных спраў Савецкага Саюза, П. О. Сухога, канструктара самалётаў… І раптам з вуснаў Наталлі Аркадзьеўны Азяўчыкавай, выкладчыцы рускай мовы як замежнай, прагучала прапанова пазнаёміцца з… самалётамі!

І вось 16 красавіка, пасля заняткаў, перачакаўшы ў аўдыторыі дождж, слухачы другой і трэцяй груп разам з выкладчыцамі кафедры давузаўскай падрыхтоўкі наведалі абласны музей ваеннай славы на вуліцы Пушкіна. Замежныя навучэнцы жыва зацікавіліся экспанатамі Другой сусветнай вайны, некаторыя аспекты якой яны таксама ж вывучалі ў сваіх школах. Значны час яны правялі на 1-м і 2-м паверхах музея, з цікавасцю разглядаючы фотаздымкі, форму і амуніцыю ваенных часоў, а таксама наведалі выставу пад адкрытым небам, пабывалі ўнутры медыцынскага вагона, пасядзелі за штурвалам самалёта-знішчальніка. Многа цікавага ў час наведвання музея адкрыла для сябе і выкладчыца Людміла Віктараўна Рагузава: аказваецца, яе навучэнцы даволі нядрэнна карысталіся рускай мовай у размовах паміж сабой, нават жартавалі на ёй. Калі ж узнікалі нейкія спецыфічныя пытанні, то адказы на іх гучалі па-англійску.

З пункту гледжання методыкі выкладання рускай мовы як замежнай падобнага роду экскурсіі і сумесныя паходы выкладчыкаў са сваімі гадаванцамі па памятных месцах з’яўляюцца выдатнай камунікатыўнай практыкай і невычэрпнай крыніцай наладжвання гуманных стасункаў.

Наталля АЗЯЎЧЫКАВА,

Рыгор СЕРЫКАЎ,

выкладчыкі кафедры давузаўскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі 

Фотоотчёт