Адукацыя на ўзроўні сталічнай (abituryent.ng-press.by)

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - чт, 06/05/2021 - 15:24

Электронныя сэрвісы ў дапамогу абітурыентам і магчымасць паступіць ва ўніверсітэт без уступных іспытаў… Што чакае абітурыентаў Гомельскага дзяржаўнага ўнівесітэта імя Францыска Скарыны падчас сёлетняй уступнай кампаніі? Якія новыя спецыяльнасці з'явіліся ва ўстанове вышэйшай адукацыі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае прарэктар па вучэбнай рабоце ГДУ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Ігар СЕМЧАНКА.

- Ігар Валянцінавіч, скажыце, ці будзе ўступная кампанія 2021 года ў ГДУ істотна адрознівацца ад мінулагодняй, ці з'явіцца нешта новае?

- Вядома, што сёлета Міністэрства адукацыі актывізавала работу па павелічэнні колькасці мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў. Больш увагі таксама ўдзяляецца пад­рыхтоўцы спецыялістаў па завочнай скарочанай форме для абітурыентаў, якія ўжо маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Мы задаволены тым, што ўніверсітэту, па нашым хадайніцтве, з улікам адкрыцця новых спецыяльнасцей, Міністэрства адукацыі выдзеліла дадаткова 22 бюджэтныя месцы (18 - на дзённую форму навучання і 4 - на завочную). Такім чынам, абітурыентаў у ГДУ чакаюць 1423 месцы, у тым ліку 747 бюджэтных і 676 платных. Бюджэтны набор па-ранейшаму пераважае, што адпавядае сацыяльна арыентаванай палітыцы нашай дзяржавы.

- Якія электронныя сэрвісы створаны ва ўніверсітэце, каб палегчыць працэс паступлення?

- У дапамогу абітурыентам распрацавана шмат электронных сэрвісаў. Напрыклад, “Асабісты кабінет абітурыента” створаны для папярэдняй рэгістрацыі дакументаў і ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі. “Электронная чарга” дазваляе праз сайт універсітэта gsu.by выбраць час наведвання прыёмнай камісіі для рэгістрацыі на ЦТ і падачы арыгіналаў дакументаў. Для зручнасці пошуку неабходнай інфармацыі па пытаннях тэсціравання і прыёмнай кампаніі дзейнічае мабільны дадатак “Абітурыент ГДУ”. Зараз распрацоўваецца чат-бот у Telegram “Прыёмная камісія ГДУ імя Францыска Скарыны”, з дапамогай якога абітурыенты змогуць своечасова атрымліваць неабходную інфармацыю.

Звесткі пра льготы і іншая актуальная інфармацыя пра паступленне змешчаны на афіцыйным сайце ўніверсітэта ў раздзеле “Абітурыентам” (http://abiturient.gsu.by/). Усе навіны і нюансы ўступнай кампаніі 2021 таксама даступныя праз мабільны дадатак “Абітурыент ГДУ”.

- Выдатна зарэкамендавала сябе ў мінулыя гады практыка правядзення анлайн-кансультацый па вучэбных прадметах напярэдадні тэсціравання. Па якіх прадметах будуць арганізаваны кансультацыі сёлета?

- Анлайн-кансультацыі напярэдадні ЦТ право­дзяцца ў ГДУ, пачынаючы з 2017 года. Гэта добрая і да таго ж бясплатная магчымасць задаць пытанні высокакваліфікаваным выкладчыкам універсітэта за дзень-два да пачатку іспыту па адпаведным прадмеце. Акрамя такіх кансультацый, выкладчыкі разбіраюць найбольш складаныя заданні тэсціравання.

Асноўнай пляцоўкай для правядзення анлайн-кансультацый з'яўляецца бінарная дыстанцыйная сістэма навучання ГДУ Тutor. У гэтай сістэме акрамя правя­дзення масавых відэакансультацый прадугледжана магчымасць дадатковага тэсціравання па ўсіх прадметах (тэсты распрацаваны ва ўніверсітэце ў адпаведнасці са спецыфікай заданняў ЦТ). Доступ да сістэмы дыстанцыйнага навучання, як і да анлайн-кансультацый, атрымліваюць усе абітурыенты, якія запісваюцца на ЦТ у сценах ГДУ.

Сёлета анлайн-кансультацыі для абітурыентаў будуць арганізаваны па 7 прадметах: беларускай, рускай, англійскай мовах, матэматыцы, фізіцы, біялогіі, хіміі, гісторыі Беларусі.

- Ігар Валянцінавіч, якія новыя спецыяльнасці адкрываюцца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце ў гэтым годзе?

- Наш універсітэт заўсёды імкнецца адпавядаць патрабаванням часу. Штогод на розных факультэтах адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Сёлета пачынаем набор па трох напрамках: “Камп'ютарная бяспека” на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій; “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”, “Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)” на філалагічным факультэце. Па адкрытай у 2019 го­дзе спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (трэнерская работа)” на факультэце фізічнай культуры будзе ажыццяўляцца набор па трох новых ­відах трэнерскай работы: гандбол, бокс, вольная барацьба.

- Наколькі запатрабаваныя, на ваш погляд, педагагічныя спецыяльнасці, якіх ва ўніверсітэце найбольш?

- Выпускнікі педагагічных спецыяльнасцей карыстаюцца нязменным попытам у заказчыкаў кадраў - устаноў адукацыі не толькі Гомельскага рэгіёна, але і з іншых абласцей Беларусі. На мой погляд, прафесія настаўніка будзе запатрабавана заўсёды. На ёй трымаецца наша грамадства, гэта прафесія творцаў будучыні.

Іншым разам цяжка зразумець, ці будзеш ты доб­рым настаўнікам, пакуль не паспрабуеш сябе ў гэтай справе. Магчымасць загадзя паглыбіцца ў гэтую прафесію ёсць у выпускнікоў педагагічных класаў.

Міністэрства адукацыі штогод пераглядае i зацвярджае спіс педагагічных спецыяльнасцей, пры паступленнi на якiя выпускнікі профільных класаў ці груп педагагічнай накіраванасці паступаюць ва ўніверсітэты без уступных выпрабаванняў. У ГДУ імя Францыска Скарыны гэта наступныя спецыяльнасці: “Сацыяльная педагогіка”, “Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Геаграфія (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)”, “Беларуская мова і літаратура. Замежнай мовая (англійская)” , “Руская філалогія” (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць), “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская, кітайская)”, “Фізічная культура”.

- У пачатку красавіка ў ГДУ прайшло дзяржаўнае размеркаванне. Кожнаму хапіла месца?

- Сёлета “пуцёўкі” на свае першыя працоўныя месцы атрымалі 516 хлопцаў і дзяўчат. Восем выпускнікоў платнай формы навучання таксама пажадалі размеркавацца, атрымаць першае працоўнае месца і статус маладога спецыяліста.

Месцаў для размеркавання хапіла ўсім, засталіся нават незадаволеныя заяўкі наймальнікаў. Больш за тое, і пасля размеркавання працягваюць паступаць заяўкі з розных арганізацый з просьбай размеркаваць да іх нашых выпускнікоў. Маладыя людзі ў сваю чаргу хвалююцца, якімі будуць іх першыя крокі ў прафесіі, як складуцца адносіны ў калектыве, якую заработную плату яны будуць атрымліваць.

- Дзе працуюць маладыя спецыялісты - выпускнікі ўніверсітэта?

- Выпускнікі педагагічных спецыяльнасцей працуюць пераважна ва ўстановах адукацыі Гомеля і вобласці, ва ўстановах адукацыі іншых абласцей, ва ўніверсітэтах. Маладыя IT-спецыялісты размяркоўваюцца ў такія буйныя арганізацыі, як ЭПАМ Сістэмз, ІВА-Гомель-Парк, ТАА “Эрнст энд Янг Дзіджытал” (Мінск) і інш. Выпускнікі вытворчых спецыяльнасцей працуюць на прадпрыемствах “Гомсельмаш”, “Інтэграл” (Мінск), “Газпрам трансгаз Беларусь” і ў іншых арганізацыях.

- Колькі каштуе адукацыя ў найбуйнейшым універсітэце Гомельшчыны для тых, хто сам аплачвае навучанне? Якая прадугледжана сістэма зніжак?

- Кошт навучання для грамадзян Беларусі сёлета складае ў сярэднім 2621,05 руб. за год на дзённай форме навучання і 1261,56 руб. - на завочнай форме. Зніжкі студэнтам устанаўліваюцца двойчы на год па выніках экзаменацыйных сесій. У бягучым навучальным годзе зніжкі па аплаце за навучанне былі прадастаўлены 455 студэнтам, у тым ліку 8 замежным грамадзянам, - гэта 10% ад агульнай колькасці тых, хто вучыцца на платнай аснове.

- Ігар Валянцінавіч, на ваш погляд, ці варта ­ехаць за вышэйшай адукацыяй у сталіцу ці ў суседнюю Расію? Чым можа прывабіць абітурыентаў рэгіянальны ўніверсітэт?

- Хачу адзначыць, што, паводле даных сусветнага навуковага рэйтынгу Webometrics, ГДУ імя Францыска Скарыны трывала ўваходзіць у 4 тысячы найлепшых універсітэтаў свету і займае 4-е месца сярод устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. І гэта вельмі значны паказчык якасці адукацыі!

Акрамя таго, на карысць ГДУ сведчыць побытавы бок пытання. Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Тым больш што з развіццём інфармацыйных тэхналогій межы сціраюцца: седзячы ў Гомелі перад камп'ютарам, можна працаваць на любую сусветную кампанію. Гомельскім дзяржаўным універсітэтам падпісана 187 дагавораў аб супрацоўніцтве з універсітэтамі замежных краін, што дазваляе нашым студэнтам атрымліваць роз­набаковую падрыхтоўку.

Асабіста я лічу, што не так важна геаграфічнае размяшчэнне ўстановы адукацыі, як імкненне студэнта стаць высокакваліфікаваным спецыялістам, жаданне навучыцца прымяняць і ўдасканальваць веды ў любых жыццёвых абставінах. Калі ў маладога чалавека ёсць намер стаць прафесіяналам сваёй справы, у яго ўсё атрымаецца незалежна ад месца знаходжання ўніверсітэта.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оригинал статьи на сайте https://abituryent.ng-press.by/