“Зямля ў сонечных далонях”

Опубликовано ias - ср, 29/09/2021 - 09:58

Убачыла свет чарговая кніга з серыі “Мая малая радзіма”, прысвечаная традыцыйнай народнай культуры беларусаў Брагіншчыны – “Зямля ў сонечных далонях” (аўтары-ўкладальнікі В.С. Новак, У.І. Коваль,А.А. Кастрыца, В.К. Шынкарэнка, Т. М. Дубяк і інш.). Традыцыі і абрады, прыкметы і павер’і, замовы і міфалагічныя апавяданні, зафіксаваныя падчас палявых экспедыцый, расповеды пра знакамітых людзей Брагіншчыны і яе гістарычны лёс, расказаныя ўраджэнцамі раёна, а таксама літаратурная і гістарычная спадчына, моўныя даследаванні знайшлі сваё адлюстраванне на старонках кнігі. Аўтары артыкулаў, змешчаных на старонках гэтага комплекснага выдання, унеслі вялікі ўклад у справу захавання і папулярызацыі народнай культуры. І гэта невыпадкова, паколькі ёсць у чалавека такая місія – любіць Радзіму і народ.

Вядучы спецыяліст у галіне славянскай міфалогіі доктар філалагічных навук, прафесар Уладзімір Іванавіч Коваль адзначыў, што для яго гэта кніга мае асобае значэнне, бо ён нарадзіўся на гэтай цудоўнай зямлі ў сонечных далонях, ёй і абавязаны лепшымі ўрокамі жыцця.

Валянціна Станіславаўна Новак – вядомы вучоны-фалькларыст, аўтар шматлікіх кніг па традыцыйнай духоўнай спадчыне Гомельшчыны, чалавек натхнёны ідэяй вывучэння і захавання аўтэнтычнага фальклору – гаворыць: “Кожнае такое выданне – гэта гісторыя жыцця народа, адметная энцыклапедыя яго мудрасці”.

Як справядліва адзначыў прарэктар па навуковай рабоце УА ГДУ імя Ф. Скарыны Алег Міхайлавіч Дземідзенка, “захаванне скарбаў духоўнай спадчыны, у якой знайшлі адлюстраванне непарыўная сувязь і памяць шматлікіх пакаленняў, мудрасць продкаў, святло і веліч народных традыцый, – адна з найважнейшых задач сучаснікаў”.

Фотоотчёт