Тыдзень роднай мовы на філалагічным факультэце

Опубликовано ias - ср, 23/02/2022 - 15:46

З усяго таго, што лягло назаўсёды ў аснову

 святынi народа, бяссмерця яго, ‒

 ты выткана, дзiўная родная мова.

М. Танк

У свеце традыцыйна Дзень роднай мовы адзначаюць 21 лютага. Мільёны людзей яшчэ раз узгадваюць важнасць роднага, успамінаюць свае першыя словы, сказаныя на мове бацькоў, выказваюць павагу народу – стваральніку мовы. Як трапна адзначыў каласік беларускай літаратуры Іван Мележ, «мова ‒ гэта вялікі народны скарб. Яго нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ».

Традыцыйна на філалагічным факультэце наладжваецца Тыдзень роднай мовы. Выкладчыкі і студэнты на працягу некалькіх дзён становяцца ўдзельнікамі займальных тэматычных мерапрыемстваў.

Тыдзень урачыста адкрыўся квэстам «Падарожжа па старонках роднай мовы», удзельнікі якога спаборнічалі за права стаць лепшымі знаўцамі беларускай культуры і літаратуры. Як вядома, любую інфармацыю трэба шукаць толькі ў словах, якія з'яўляюцца адметнай крыніцай ведаў. Арганізатарам мерапрыемства стала намеснік старшыні студэнцкага савета філалагічнага факультэта Таццяна Пімінёнкава.

Відэаролік «Я люблю родную мову» адрасаваны ўсім, хто неабыякава ставіцца да слова, любіць мову, паважае культуру. Кожны з удзельнікаў роліка з захапленнем і ўдзячнасцю гаварыў аб мове, якая адрознівае яго народ ад іншых і з’яўляецца своеасаблівым культурным кодам. Відэамантаж роліка рабіў студэнт гр. РФ-11 Мікіта Чарнавусаў, а натхняльнікамі сталі студсавет і студэнты філалагічнага факультэта.

Вельмі цікавае і эмацыянальна насычанае мерапрыемства «Спадчына мая – родная мова» было наладжана дацэнтам кафедры рускага, агульнага і ўсходняга мовазнаўства Аленай Халяўка і старшым выкладчыкам Святланай Байковай. Кітайскія, турэцкія, туркменскія, беларускія, рускія словы гучалі ў аўдыторыі. Яны натхнялі прыгажосцю і мілагучнасцю, ветлівасцю і любоўю, дабрынёй і пяшчотай.

Прафесар кафедры беларускай мовы Вольга Ляшчынская правяла экскурс у гісторыю фразеалагізмаў. «Фразеалагізмы – дыяменты мовы». Менавіта так называлася мерапрыемства, дзякуючы якому ўсе ўдзельнікі ўпэўніліся, што прачытваць змест фразеалагізмаў – значыць пазнаваць культуру свайго народа. Студэнты з задавальненнем паслухалі звесткі пра гісторыю ўзнікнення і ўтварэння многіх уласнабеларускіх фразеалагізмаў, якія адлюстравалі, захавалі і рэпрэзентавалі павер’і, прымхі, уяўленні беларусаў аб сабе, навакольным жыцці, практычны і жыццёвы вопыт нашага народа.

Дацэнтам кафедры беларускай мовы Зояй Шведавай былі наладжаны віктарына «Ведай, любі, шануй роднае слова» і конкурс чытальнікаў «Хараство беларускага слова».

– Студэнтам спадабаліся конкурсы. І гэта не здзіўляе. Яны далі магчымасць акунуцца ў хараство і прыгажосць беларускага слова, выявіць лепшыя якасці чытальніка, паказаць узровень ведаў, – адзначыла Зоя Уладзіміраўна. – Хочацца сказаць словы ўдзячнасці за актыўнасць і зацікаўленасць усім ўдзельнікам, а таксама студэнтам гр. БФ-41 за дапамогу ў складанні заданняў.

Студэнты 1 и 2 курсаў спецыяльнасці «Беларуская філалогія» разам з дацэнтам кафедры беларускай мовы Кацярынай Хазанавай пагулялі ў моўныя шарады і ўспомнілі некаторыя цікавыя слоўцы беларускай мовы.

Да ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы, далучыліся і іншыя факультэты. Алена Палуян, дацэнт кафедры беларускай мовы, дэкан філалагічнага факультэта, наладзіла конкурс чытальнікаў «Ёсць у роднай мове наскай…» для студэнтаў першага курса юрыдычнага факультэта.

Таксама на працягу некалькіх дзён функцыянавала выстава «Беларускаму слову прысвячаецца» (студсавет філфака) і адбываўся флэшмоб «Маё любімае беларускае слова» (гр. БФ-21).

PS. Словы ўдзячнасці адрасуем прафкаму студэнтаў за салодкія прызы для пераможцаў.   

Алена Аляксандраўна Кастрыца,

дацэнт кафедры рускай і сусветнай літаратуры,

намеснік дэкана па ВР