Дзіўная гісторыя лёсу героя Барыса Добшыкава

Опубликовано ias - пт, 19/08/2022 - 11:21

На Гомельшчыне, недалёк ад Добруша, за тры гады да рэвалюцыі ў сям'і Добшыкавых нарадзіўся сын Барыс. Адзін з шасцярых дзяцей годна вывучыўся, атрымаў медыцынскую адукацыю. У 25 гадоў маладога чалавека з беларускай глыбінкі прызвалі на савецка-фінскую вайну, а ў 1941-м — адразу на Вялікую Айчынную. Двое яго братоў вярнуліся з фронту. Барыса ж бацька з маці так і не дачакаліся. Лічыўся прапаўшым без вестак. Іх сын так і не стаў ні мужам, ні бацькам, ні дзедам. Яго фотакартка, зробленая яшчэ на «грамадзянцы», захавалася ў сям'і пляменніцы. Гэты партрэт праз 80 гадоў дапамог прасякнуцца дзіўнай гісторыяй лёсу героя. Весткі аб ім на Гомельшчыну прыйшлі ажно з Запаляр'я.

Менш за месяц таму, падчас пошукавай экспедыцыі ў раёне возера Чэрап у Мурманскай вобласці, астанкі салдата часоў Вялікай Айчыннай вайны былі падняты ўдзельнікам пошукавага атрада Аляксандрам Магданавым. Сам ён родам з Гомельскага раёна. Можна толькі ўявіць, што перажыў пошукавік, калі там жа знайшлі чорную эбанітавую шасцігранную капсулу — смяротны медальён. У ім цудоўна захаваўся папяровы ўкладыш. Аказалася, «адшуканы» праз 80 гадоў баец Чырвонай Арміі быў земляком. У смяротным медальёне, акрамя прозвішча Барыс Добшыкаў, былі ўказаны прозвішча яго маці і адрас — вёска Івакі Церахоўскага раёна. Гісторыя раскруцілася вокамгненна.

— Для пошукавікаў узняць астанкі героя Вялікай Айчыннай, пры якіх захаваўся не пусты смяротны медальён, — нечуваная радасць. Вядома, што на фронце многія спецыяльна не ўпісвалі ў такую запіску сваё імя. Лічылася, што, калі зробіш гэтак, цябе дакладна заб'юць, — тлумачыць асістэнт кафедры філасофіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Павел Ждановіч. — Здараецца, пошукавікі знаходзяць медальён, але няправільнае яго адкрыццё можа прывесці да поўнай страты папяровай запіскі ўнутры. Ці другое: пашанцавала — паднялі байца, ёсць медальён, чытаецца, але сваякоў так і не знаходзяць.

З ваенным гісторыкам Паўлам Ждановічам сустракаемся ў гомельскім дзяржуніверсітэце невыпадкова. Менавіта Павел Леанідавіч з вядучым спецыялістам інфармацыйна-аналітычнага аддзела ГДУ імя Ф. Скарыны Людмілай Дуброўскай дапамаглі тэрмінова адшукаць родных знойдзенага ў Мурманскай вобласці байца. Значна дапамог пошукавікам на самым пачатку дакладна разабрацца з данымі смяротнай запіскі, дарэчы, і пазаштатны фатограф газеты «Звязда» Андрэй Феакцістаў. Менавіта ён перасланы з Мурманскай вобласці здымак з данымі байца прафесійна апрацаваў, аднавіў пажоўклы кавалак паперы ў спецыяльнай праграме.

— У падобных выпадках даныя салдата правяраюцца па базе, — тлумачыць Андрэй Феакцістаў. — Але цяпер яна нічога не выдала, бо ў канкрэтным выпадку ў базе прозвішча Добшыкаў было ўказана з памылкай у адной літары. Не супадала і дата смерці, быў паказаны 1943 год, пры гэтым у 43-м эбанітавы цыліндры — смяротныя медальёны ўжо не ўжываліся, а былі заменены на чырвонаармейскія кніжачкі. Вельмі дапамагло тое, што ў запісцы з медальёна выдатна чыталася прозвішча маці байца і адрас, — дадае фотакарэспандэнт.

Цікава, як гісторыя пошукаў прапаўшага без вестак байца ў адно імгненне змагла аб'яднаць самых родных людзей.

— Мяне за дзве тысячы кіламетраў адшукалі калегі-пошукавікі з Мурманска, — прадстаўляецца спецыяліст па рабоце з моладдзю Мурманскага рэгіянальнага цэнтра патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі Вольга Яўсеенка.

Цэнтр, дзе яна працуе, непасрэдна курыруе дзейнасць усіх пошукавых атрадаў падчас экспедыцыі на тэрыторыі Мурманскай вобласці. Калегі ведаюць, што Вольга Яўсеенка сама беларуска і ў адпачынак кожнае лета едзе ў родны Гомель. Яна таксама далучылася да пошуку родных загінулага героя.

— Кольскі паўвостраў — гэта граніца з Фінляндыяй і Нарвегіяй. Падчас Вялікай Айчыннай — гэта тэрыторыя масіраваных бамбардзіровак і адно з месцаў, дзе не была пяройдзена граніца Савецкага Саюза, чаму Мурманск і атрымаў званне «Горад-герой». Тэрыторыя — тундра-лесатундра, суцэльныя камяні, баі былі вельмі цяжкія. Хавалі салдат пасля бою, проста прывальваючы камянямі. У 1958 годзе ў нас пачалі ўтварацца пошукавыя атрады пры прадпрыемствах. Гэта значыць, людзі ў свой выхадны выязджалі ў сопкі, каб падняць астанкі загінулых. Так утварыўся маштабны мемарыяльны комплекс «Даліна Славы» — маштабныя могілкі, заснаваныя пошукавікамі. Менавіта там штогод адкрываем вахты памяці, праводзім пахаванні салдат, астанкі якіх былі падняты. Ёсць практыка ўрачыстай адпраўкі астанкаў герояў на іх малую радзіму, — тлумачыць Вольга Яўсеенка.

У ГДУ ўсе, хто дапамагаў праліць свет на гэту гісторыю, сустрэліся ўжо з нашчадкамі загінулага героя Барыса Добшыкава — роднай пляменніцай Тамарай Уладзіміраўнай Аднаочка, яе дачкой Вольгай і ўнукам Міхаілам Канавальчыкамі. Юнак, дарэчы, вучыцца ў медыцынскім універсітэце. Кажа, што медыкам быў прадзед Барыс.

— Ён родны брат маёй мамы, — расказала Тамара Уладзіміраўна. — Мы ведалі, што ён прапаў без вестак, і інфармацыю ніякую аб ім не шукалі. Бабуля заўжды казала, што яе Барысам усе ў вёсцы ганарыліся, казалі, інтэлігент, мэтанакіраваны чалавек. Спадзяваліся родныя, што зможа дабіцца шмат чаго ў жыцці. Дзіўна, але мой дзед (бацька Барыса) быў дыяканам у царкве. Яе закрылі, але дома ў яго вельмі шмат абразоў было. Дык дзед кожны дзень пачынаў з малітвы і за без вестак зніклага воіна Барыса. Да мяне ад бабулі і дзядулі перайшоў спіс маіх продкаў, за якіх трэба заўжды маліцца. Такі наказ мне, значыць, далі: каб на Барыса ніколі не забывалася ў малітвах перад Богам. Вось як бывае.

Тамара Уладзіміраўна расказала, як у сям'і адрэагавалі на навіну з Мурманска. Кажа, што ніхто не мог падумаць, што праз столькі гадоў у іх сям'ю прыйдзе такая вестка. Цікава, што самы малодшы брат Барыса пасля вайны застаўся менавіта ў Мурманску: служыў у Паўночна-марскім флоце, потым і яго сын стаў вайскоўцам. Але сувязь з імі ў сваякоў з Гомельшчыны пасля згубілася. Можа, гэта гісторыя дапаможа сем'ям адшукаць адзін аднаго.

Пакуль жа па дамоўленасці са спецыялістам па рабоце з моладдзю Мурманскага рэгіянальнага цэнтра патрыятычнага выхавання і дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі Вольгай Яўсеенкай будзе прапрацоўвацца пытанне ўрачыстай адпраўкі астанкаў загінулага героя Барыса Добшыкава на Гомельшчыну. Будзем сачыць за гэтай гісторыяй.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

https://zviazda.by/be/news/20220817/1660752575-dziunaya-gistoryya-lyosu-geroya-barysa-dobshykava

Фотоотчёт