Пад знакам першадрукара. Гомельская школа («Звязда» 13 снежня 2023 г.)

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - ср, 13/12/2023 - 17:59

Сёлета спаўняецца 35 гадоў з часу надання Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны. Гомельшчына займае своеасаблівае месца на літаратурнай і культурнай карце славянскага свету. Ад ІХ стагоддзя землі радзімічаў з'яўляліся транзітнай тэрыторыяй на шляху «з варагаў у грэкі». Акадэмік Мікіта Талстой называў наш рэгіён «ідэальным палігонам, запаведнікам для даследчыка старажытнаславянскай эпохі». Літаратурная традыцыя ў нашым рэгіёне бярэ пачатак яшчэ ад слаўнага святога Кірылы з Турава.

Іван-град беларускай літаратурыПад знакам першадрукара. Гомельская школа («Звязда» 13 снежня 2023 г.)

З Гомельшчыны паходзяць чатыры народныя пісьменнікі Беларусі: Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Андрэй Макаёнак. Нездарма наш край называюць Іван-градам беларускай літаратуры. Тут нарадзіліся і працавалі лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі Іван Шамякін, Віктар Казько, Барыс Сачанка, Анатоль Грачанікаў, Іван Сяркоў, Мікола Мятліцкі, Міхась Башлакоў. Варта таксама назваць імёны ўраджэнцаў Гомельшчыны Сяргея Палуяна, Міхала Грамыкі, Сцяпана Некрашэвіча, Леаніда Гаўрылава, Валянціны Коўтун, Андрэя Федарэнкі, Анатоля Зэкава, Васіля Якавенкі, Аляксандра Капусціна, Уладзіміра Гаўрыловіча, Леаніда Гаўрылкіна, Анатоля Бароўскага, Уладзіміра Ліпскага, Віктара Яраца, Соф'і Шах, Нэлі Тулупавай, Анатоля Сыса, Міхася Ткачова, Таісы Мельчанкі, Ніны Шкляравай, Алеся Наўроцкага і многіх іншых.

На Гомельшчыне нарадзіўся, жыў і пахаваны рускі празаік, літаратурны крытык, публіцыст, мастацтвазнаўца Уладзімір Кігн-Дзедлаў (1856—1908). Дарэчы, у мінулым годзе аспірант кафедры з КНР Дзі Хе Хе пад кіраўніцтвам Івана Штэйнера паспяхова абараніў дысертацыю на атрыманне ступені кандыдата філалагічных навук якраз па творчасці КігнДзедлава. З Гомельшчыны паходзіць Іосіф Гашкевіч, складальнік першага рускаяпонскага слоўніка.

З Калінкавіцкай зямлі — продкі Яўгенія Еўтушэнкі, з Палессем звязана станаўленне адметнага паэта Ігара Шклярэўскага, з Веткі паходзіць Дзмітрый Кавалёў, у Рэчыцы нарадзіўся выдатны вучоны і пісьменнік Уладзімір Спасовіч, у Гомелі нарадзілася Лідзія Ржэўская. Празаік, паэт, вучоны Міхаіл Расолаў стварыў цэлую эпапею пра жыццё ўсходнеславянскіх народаў.

Гомельшчына — радзіма многіх яўрэйскіх паэтаў: Рыгора Добіна, Зіновія Вагера, Самуіла Галкіна, Навума Дзегцера, Самуіла Ляўчука і інш.

У розныя часы на Гомельшчыне нарадзіліся, жылі ці пісалі пра яе польскамоўныя аўтары Юзаф Будзіла, Уладзіслаў Сыракомля, Эма Дмахоўская, Часлаў Пяткевіч ды іншыя.

Тут нарадзілася цэлая плеяда выдатных вучоныхфілолагаў, сярод якіх прафесары Фёдар Куляшоў, Юрый Пшыркоў, Навум Перкін, акадэмік Іван Навуменка, член-карэспандэнт Сцяпан Лаўшук, даследчыкі рускай літаратуры Іосіф Вайнберг, Аляксандр Шыфман.

Там, дзе бруіць «Крыніца»

Значная работа па вывучэнні жыцця і творчасці нашых славутых землякоў праводзіцца кафедрай беларускай літаратуры ГДУ імя Ф. Скарыны.

Пачатак рэгіянальным даследаванням у нашай навучальнай установе быў закладзены на пачатку 70-х гг. ХХ ст. вядомым беларускім вучоным, заслужаным дзеячам навукі БССР, доктарам філалагічных навук, прафесарам Мікалаем Грынчыкам (1923—1999), чый 100-гадовы юбілей мы адзначаем сёлета. Дарэчы, Грынчык быў першым сярод выкладчыкаў ГДУ, хто абараніў доктарскую дысертацыю.

У час працы загадчыкам кафедры беларускай літаратуры Грынчык арганізаваў студэнцкую навуковую лабараторыю па фальклоры, з'яўляўся адным з аўтараў акадэмічнай «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і падручнікаў для ВНУ. Стварыў і клапатліва падтрымліваў літаратурнае аб'яднанне «Крыніца», блаславіўшы многіх пісьменнікаў у літаратуру. Пад яго кіраўніцтвам рэгулярна праводзіліся канферэнцыі па праблемах рэгіянальнага пачатку ў фальклоры, мове і літаратуры.

Сур'ёзная роля ў станаўленні гомельскай школы літаратуразнаўства належыць Паўлу Ахрыменку, доктару філалагічных навук, які працаваў у Гомельскім педінстытуце (з 1969 года — універсітэце) з 1950 да 1972 года. Ахрыменка — адзін з самых вядомых беларускіх фалькларыстаў, аўтар шматлікіх манаграфій. Сёння фалькларыстычнымі даследаваннямі ў нашым універсітэце плённа займаецца доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Новак. Валянціна Станіславаўна — аўтар звыш 200 публікацый, сярод якіх індывідуальныя і калектыўныя манаграфіі, вучэбныя і практычныя дапаможнікі, артыкулы. Яна з'яўляецца аўтарам-складальнікам шматлікіх фальклорна-этнаграфічных зборнікаў па розных раёнах Гомельшчыны.

У 1991 годзе выкладчыкамі кафедры Валянцінай Смыкоўскай і Верай Генаш быў выдадзены даведнік «Літаратурная Гомельшчына», дзе сабраны звесткі аб васьмідзесяці пісьменніках, што нарадзіліся на Гомельшчыне. У 1976 годзе пабачыла свет манаграфія Валянціны Смыкоўскай «Творчая канцэпцыя пісьменніка: Задума і яе мастацкае ўвасабленне ў «Палескай хроніцы І. Мележа». Іван Афанасьеў, загадчык кафедры рускай і замежнай літаратур, сваю манаграфію «Будзем садзіць сад» (1991) прысвяціў творчасці нашага земляка, празаіка Віктара Казько, аднаго з самых значных і глыбокіх сучасных пісьменнікаў.

Сёння рэгіянальнымі даследаваннямі плённа кіруе вучань Мікалая Грынчыка Іван Штэйнер, чый 70-гадовы юбілей мы таксама адзначалі сёлета. Інтарэсы Івана Штэйнера як даследчыка надзвычай разнастайныя. У работах вучонага пададзена арыгінальнае асэнсаванне твораў як класікаў нашай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава, так і актуальных сучасных аўтараў — Алеся Разанава, Віктара Казько, Раісы Баравіковай, Віктара Шніпа, Анатоля Сыса, Алеся Наварыча, Вінцэся Мудрова і інш.

Шмат увагі ўдзяляе Іван Штэйнер краязнаўчай рабоце. Ён з'яўляўся галоўным каардынатарам міжвузаўскай фундаментальнай тэмы «Палессе-2005». Напісаў і выдаў тры ўнікальныя тамы навукова-папулярных нарысаў («Дняпроўскія матывы: нарысы (пра пісьменнікаў Гомельшчыны, якія нарадзіліся на берагах Дняпра)» (2009);

«Прыпяцкая рапсодыя: нарысы (пра пісьменнікаў Гомельшчыны, якія нарадзіліся на берагах Прыпяці)» (2010);

«Сожскі карагод: нарысы (пра пісьменнікаў Гомельшчыны, якія нарадзіліся на берагах ракі Сож)» (2010).

Кафедрай беларускай літаратуры сістэматычна праводзіцца Міжнародная навуковая канферэнцыя «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры», удзел у якой прымаюць вядучыя навукоўцы не толькі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, але і славісты Германіі, Харватыі, Сербіі, Чарнагорыі, Славеніі.

Сталыя літаратурныя традыцыі мае Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Загадчык кафедры беларускай літаратуры прафесар Іван Штэйнер у адной са сваіх кніг, прысвечаных творчасці выпускнікоў ГДУ, піша: «З чаго складаецца імідж навучальнай установы, яе ўспрыняцце ў навуковым і культурным свеце, нарэшце, вядомасць і слава? Са старажытных сцен, што перажылі стагоддзі і былі сведкамі векавой эвалюцыі чалавецтва? Са змрочных скляпенняў бібліятэк і кніжных сховішчаў, дзе спачываюць фаліянты ў пергаментна-драўляных вокладках? <...> А можа, славу ўніверсітэта складаюць сівыя (і не вельмі) акадэмікі і прафесары (у мантыях і без іх), пра якіх так любяць апавядаць вясёлыя гісторыі і анекдоты? Але хутчэй за ўсё сапраўдную славу Alma mater прыносяць яе выпускнікі».

Універсітэт літаратурны і песенны

Гісторыя нашай літаратурнай альма-матар бярэ пачатак яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. У нашай ВНУ вучыліся Іван Шамякін, Леанід Гаўрылаў, Мікола Сурначоў, Кастусь Кірэенка, Паўлюк Прануза.

Леанід Гаўрылаў, Мікола Сурначоў і Алесь Жаўрук атрымалі дыпломы ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны і загінулі, абараняючы Радзіму.

Гомельскі ўніверсітэт выхаваў лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Кастуся Кірэенку, Міхася Башлакова, а таксама такіх адметных творцаў, як Віктара Яраца, Анатоля Сыса, Анатоля Зэкава, Вольгу Куртаніч, Анатоля Казлова, Міхаіла Даніленку, Рыгора Андрэяўца, Таісу Мельчанку, Ніну Шкляраву ды інш. У Гомельскім педінстытуце вучыўся Іван Шамякін.

Стала і мэтанакіравана вывучэннем і папулярызацыяй творчасці выпускнікоў ГДУ займаецца загадчык кафедры беларускай літаратуры, прафесар Іван Штэйнер, які мае непасрэднае дачыненне да творчага нараджэння не аднаго паэта. Пад яго рэдакцыяй у 1998 годзе была выдадзена анталогія лірыкі выпускнікоў ГДУ «Крыніцы», «напісаныя аўтарамі ў студэнцкія гады або тэматычна звязаныя з горадам юнацтва, з універсітэтам». Вучоны падаў гісторыю літаб'яднання «Крыніцы», што ўжо некалькі дзесяцігоддзяў працуе пры кафедры.

У 1999 годзе пад рэдакцыяй Штэйнера быў выдадзены зборнік крытычных артыкулаў «Душа прычаліц ца крылом да неба...», дзе творчыя партрэты колішніх студэнтаў раскрыты праз прызму бачання студэнтаў канца 90-х гадоў. Напярэдадні 75-гадавога юбілею Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 2003 годзе пад рэдакцыяй Івана Штэйнера і Вольгі Бароўскай падрыхтаваны зборнік «Універсітэт літаратурны. Універсітэт песенны».

А да 80-годдзя Гомельскага ўніверсітэта быў выдадзены зборнік «Alma mater unіversіtatіs», новае пераасэнсаванне, твораў выпускнікоў ГДУ, дапоўненае цікавымі ўспамінамі пра гады навучання пачынаючы з успамінаў Івана Шамякіна. Іван Пятровіч з цеплынёй узгадвае колішняга рэктара ГДУ акадэміка Барыса Бокуця:

«Шчыры беларус, ён заваражыў мяне веданнем роднай літаратуры... Па ініцыятыве Б. Бокуця мы заключылі няпісаную дамову: у пачатку кожнага навучальнага года ва ўніверсітэце — літаратурны вечар. Сакратар Саюза пісьменнікаў, я падбіраў брыгаду паэтаў, празаікаў, крытыкаў — чалавек 10-12. Праводзіўся агульнаўніверсітэцкі вечар, надзвычайны па сваім змесце, форме, цеплыні, з якой сустракалі нас студэнты, выкладчыкі, кіраўніцтва горада».

Увогуле, кафедра беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны добра зарэкамендавала сябе ў славістыцы. Пра гэта сведчаць шматлікія навуковыя публікацыі супрацоўнікаў кафедры, удзел у прэстыжных навуковых форумах, прызнанне калег, трывалыя навуковыя сувязі як з айчыннымі, так і з замежнымі вучонымі.

У 2007 годзе цыкл работ Івана Штэйнера «Беларуская літаратура ў славянскім і сусветным кантэксце» (2002—2007 гг.), які быў прадстаўлены ад ГДУ імя Ф. Скарыны на конкурс Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, быў прызнаны найлепшым даследаваннем у галіне гуманітарных навук, а яго аўтар адзначаны галоўнай навуковай узнагародай краіны — Прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Штэйнер — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў галіне літаратуразнаўства.

Збіраць і вывучаць

Кафедрай беларускай літаратуры праводзіцца вялікая работа па зборы і сістэматызацыі матэрыялаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю нашых славутых землякоў, па захаванні ўнікальнай культурнай спадчыны Гомельскага рэгіёна. У 2014 годзе пры кафедры беларускай літаратуры быў арганізаваны літаратурны музей «Аlma mater». Экспазіцыя музея ў храналагічным парадку знаёміць з творчасцю пісьменнікаў, музыкаў, якія вучыліся ў галоўнай ВНУ Палесся пачынаючы з 1930-х гадоў і да нашых дзён.

Добра вядомае ў навуковых колах краіны імя Вольгі Шынкарэнкі, колішняга прафесара кафедры. Манаграфія «Пад ветразем дабра і прыгажосці» — адно з самых грунтоўных і комплексных даследаванняў творчасці Караткевіча. У манаграфіі «Нястомных пошукаў дарога» ўпершыню ў беларускім літаратуразнаўстве разгля даюцца праблемы паэтыкі гістарычнага жанру на матэрыяле сучаснай прозы.

Плённа працуе ў напрамку вывучэння жанравай спецыфікі беларускай драматургіі, тэорыі літаратуры Віктар Яцухна, колішні дацэнт кафедры. Ён з'яўляецца аўтарам манаграфіі «Беларуская малафарматная драматургія ХVІ — першай паловы ХХ ст.» (Гомель, 2004), вучэбна-метадычных дапаможнікаў «Асноўныя літаратуразнаўчыя метады і школы» Гомель, 2001), «Тэорыя літаратуры» (Гомель, 2002).

Прафесар Анжэла Мельнікава — аўтар манаграфій «Паэтыка твораў Кузьмы Чорнага» (2008), зборніка навуковых артыкулаў «Літаратура і Час: плыні, тэндэнцыі, постаці» (2011), «Канцэптуалізацыя нацыянальнага ў беларускай прозе першай трэці ХХ стагоддзя» (2016).

Вывучэнне беларускай паэзіі з'яўляецца прадметам навуковых пошукаў дацэнта Алы Брадзіхінай. Брадзіхіна — аўтар манаграфіі «Сучасная беларуская інтымная лірыка: тэндэнцыі і перспектывы развіцця» (Гомель, 2009), зборніка навуковых артыкулаў «90-60-90 (Сучасны літаратурны працэс: на шляху да ідэалу)» (Гомель, 2014).

Спецыфіка жаночай літаратуры — кола навуковых даследаванняў дацэнта Таццяны Фіцнер. Дацэнт кафедры Ірына Бажок падрыхтавала цікавае даследаванне, прысвечанае эвалюцыі жанру эсэ ў беларускай літаратуры.

Сёлета выкладчыкамі кафедры падрыхтавана калектыўная манаграфія «Беларуская літаратура як сацыякультурны феномен: мастацкія дамінанты, жанравы генезіс» (Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2023).

Супрацоўнікі кафедры беларускай літаратуры прымаюць удзел у падрыхтоўцы і распрацоўцы вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь рознага ўзроўню, з'яўляюцца членамі рэдакцыйных калегій навуковых часопісаў, пастаянна прымаюць удзел у выкананні Дзяржаўных праграм фундаментальных даследаванняў.

Як бачым, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імкнецца годна насіць імя славутага Францыска Скарыны.

Анжэла МЕЛЬНІКАВА,
доктар філалагічных навук, прафесар Гомельскага дзяржаўнага
ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.