17 кастрычніка ў Добрушскім раённым краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя кнігі "І мудрых ісцін добрае святло: народная духоўная культура Добрушскага раёна" (укладальнікі прафесар кафедры рускай і сусветнай літаратуры, д. ф. н. , прафесар В. С. Новак і намеснік дэкана па вучэбнай рабоце фiлалагiчнага факультэта, дацэнт кафедры рускай і сусветнай літаратуры, к. ф. н., дацэнт А. А. Кастрыца).
Выданне мае комплексны характар, уключае матэрыялы аб дзейнасці ўстаноў культуры, даследаванні этналінгвістычных і анамастычных з'яў. Важнае месца адведзена фальклорна-этнаграфічным і міфалагічным звесткам і іх тэарэтычнаму асэнсаванню. Сёння адзін з прыярытэтных кірункаў развіцця сучаснай культуры – захаванне традыцыйных скарбаў вуснай народнай творчасці беларусаў.
Прарэктар па навуковай рабоце ГДУ імя Францыска Скарыны Дзмітрый Каваленка, малой радзімай якога з'яўляецца Добрушчына (маляўнічы пасёлак з паэтычнай назвай Вербаў, в. Івакі), адзначыў, што змешчаныя ў кнізе фальклорныя матэрыялы – выдатная крыніца народнай мудрасці, выхавання грамадзянска-патрыятычных пачуццяў.
– Тут, на добрушскай зямлі, у вёсцы Івакі пачалося маё працоўнае жыццё, грамадзянскае сталенне, далучэнне да народнай мудрасці.
Кніга "І мудрых ісцін добрае святло: народная духоўная культура Добрушскага раёна" папоўніла серыю "Мая малая радзіма", заснаваную ў 2019 г.










