Дыялог пра духоўнае і маральнае

Submitted by ias on пят, 14/05/2021 - 18:29

“Чалавеку неабходна выконваць законы не толькі фізічныя, але і духоўныя”, – такую думку выказаў старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі протаіерэй Фёдар Поўны ў адкрытым дыялогу з калектывам ГДУ імя Францыска Скарыны.

Падчас свайго візіту ў найбуйнейшы навукова-адукацыйны цэнтр рэгіёна настаяцель прыхода храма Усіх Святых горада Мінска протаіерэй Фёдар Поўны падкрэсліў, што яму, ураджэнцу Гомельшчыны, асабліва прыемна праводзіць падобную сустрэчу на роднай зямлі. Да ўсяго іншага, у Гомельскім дзяржуніверсітэце на базе гістарычнага факультэта ўжо шмат гадоў паспяхова функцыянуе грамадская кафедра хрысціянскай культуры.

Прысутныя з цікавасцю слухалі ўспаміны ганаровага госця пра яго дзяцінства, юнацкія і студэнцкія гады, службу ў арміі і працу не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

Студэнты і выкладчыкі задавалі пытанні пра ролю царквы ў жыцці сучаснага грамадства, узаемаадносіны з іншымі канфесіямі, захаванне царкоўнаславянскай мовы.

– Я жадаю вам усім моцнага здароўя і шчырасці ў адносінах да сябе, да Бога, – сказаў напрыканцы сустрэчы протаіерэй Фёдар Поўны, а таксама прэзентаваў усім прысутным велікодныя паштоўкі храма Ўсіх Святых горада Мінска.

Рэктар ГДУ Сяргей Хахомаў падзякаваў госцю за магчымасць наведаць універсітэт і паразмаўляць з калектывам і запрасіў протаіерэя ў выставачную залу, дзе на дадзены момант размешчана духоўна-асветніцкая фотавыстава “Вочы ў вочы”.

Андрэй ВЯЛІКІ

Фота аўтара

Фотасправаздача