22 кастрычніка студэнты філалагічнага факультэта ГДУ ім. Ф. Скарыны разам з Новак В. С. у межах вывучэння дысцыпліны «Культуралогія» пабылі на экскурсіі ў філіяле Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Рыгоравіча Шклярава».
Супрацоўнікі музея сустрэлі студэнтаў гасцінна. Першая зала, або «Выратаванае Евангелле», – гэта цэнтр знаёмства з кніжнай культурай. У гэтым пакоі былі прадэманстраваны рукапісныя выданні на стараславянскай мове: старадрукаваныя і рукапісныя Евангеллі, фрагменты богаслужбовых зборнікаў, Псалтыры з крукавай натацыяй.
Далей, праходзячы ў наступную залу «Апошняе набыццё» (часовая экспазіцыя новых паступленняў 2021-2026 гг.), можна было ўбачыць мноства абразоў. Гэта зала з абразамі (як са старымі, якім спатрэбілася рэстаўрацыя, так і з больш новымі, якія добра захаваліся), прыгожымі ручнікамі, вітрынай-імітацыяй памяшкання таго часу, дзе чыталіся малітвы і займаліся іканапісам.
Трэцяя зала пад назвай «Коні і абразы» была не менш цікавай: тут знайшлі адлюстраванне і хрысціянскія матывы, і народныя. На абразах, акрамя Святых, намаляваны таксама коні. Узале прысутнічаюць і прадметы з конскай сімволікай (металічныя спражкі, бляхі, элементы збруі), драўляныя разныя дэталі (ліштва, элементы калёс).
У чацвёртай зале («Выстава Вока») студэнты пазнаёміліся з ручным ткацкім станком (кросны) і нават паспрабавалі самастойна ткаць. У зале знаходзіліся прадметы побыту, беларускія льняныя кашулі, мастацкія кампазіцыі са сваімі цікавымі гісторыямі, ручнікі з чырвонымі ўзорамі.
Экскурсія па філіялу «Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава» стала для студэнтаў-філолагаў не проста знаёмствам з экспанатамі, а сапраўдным адкрыццём жывой гісторыі беларускай культуры.
Аўтар тэксту: студэнтка групы БФ-11 Мілана Філімончык










