Дыплом ІІ ступені ХІХ рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пят, 16/04/2021 - 11:30

XIX рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі прайшла на базе Нацыянальнага выставачнага комплексу “Белэкспа” ў Мінску. Мерапрыемства адбылося ў рамках Года народнага адзінства. Яго мэта – абагульненне і распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту, пошук новых рашэнняў па фарміраванні ў дзяцей і моладзі грамадзянскай адказнасці, патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці і грамадзянскай ідэнтычнасці.

Годнае месца сярод устаноў вышэйшай адукацыі краіны заняла экспазіцыя Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Яна ўключала каля 50 экспанатаў, якія дэманструюць поспехі ВНУ ва ўсіх сферах дзейнасці. Выставачныя матэрыялы прэзентавалі начальнік аддзела моладзевых ініцыятыў і студэнцкага самакіравання Дзмітрый Тарасаў, старшы выкладчык кафедры агульнай фізікі Аляксей Зайцаў, студэнт геолага-геаграфічнага факультэта Алег Лісіцкі і будучы гісторык Максім Гаўрыленка.

У рамках трох тэматычных дзён – дня інавацый, дня рэгіянальных ініцыятыў і дня спорту і здароўя – прайшлі мерапрыемствы і прэзентацыі. Прадстаўнікі ГДУ расказалі пра выхаваўчую і ідэалагічную работу, якая вядзецца ва ўніверсітэце, прадэманстравалі праекты грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, расказалі пра дзейнасць валанцёрскіх атрадаў. Увазе наведвальнікаў былі прапанаваны: цыкл кніг пра жыццёвы і прафесійны шлях рэктараў універсітэта, юбілейнае выданне, прысвечанае 90-годдзю ўстановы адукацыі, энцыклапедыі, манаграфіі і навучальныя дапаможнікі прафесарска-выкладчыцкага складу ГДУ.

Па выніках работы выставы Гомельскі дзяржуніверсітэт быў адзначаны дыпломам ІІ ступені за эфектыўную арганізацыю дзейнасці па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, развіцці нацыянальнай самасвядомасці, грамадзянскай ідэнтычнасці моладзі і якаснае прадстаўленне педагагічнага вопыту.

Кацярына КАВАЛЕНКА

Фотасправаздача