Нас чакае сонечная Нарач!

Опубликовано ias - вс, 10/12/2023 - 21:50

Якраз у Дзень факультэта замежных моў, 08.12.23, канферэнц-зала нашага ўніверсітэта гасціла Сяргея Юр’евіча Сечына, загадчыка аддзела па арганізацыі выхаваўчай работы структурнай адзінкі “Зорная” Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра (НДЦ) “Зубронак”, які сёння налічвае 365 супрацоўнікаў, у тым ліку 140 (38%) педагагічных работнікаў, сярэдні узрост якіх – 31 год.

На сустрэчу з С.Ю. Сечыным сабраліся студэнты 3-4 курсаў педагагічных спецыяльнасцей розных факультэтаў нашай альма матэр, каб прыняць да ведама інфармацыю, што неўзабаве стане надзвычай актуальнай і надзённай, бо час ляціць хутка, а лета не за гарамі. Не за гарамі і выпуск…

Чым жа аказаўся карысны гэты дыялог з гледжання студэнтаў-педагогаў 3-х курсаў? Адказ просты: пасля летняй сесіі згодна з адукацыйнай праграмай студэнты абавязаны прайсці педагагічную практыку ў якой-кольвек аздараўленчай дзіцячай установе ў якасці важатых ці выхавацеляў. Таму ажыццявіць гэтую задачу з прыемнасцю і карысцю для здароўя лепш, безумоўна, у курортнай зоне Мядзельшчыны, сярод бронзавых векавых соснаў, на ўлонні велічнай і маляўнічай Нарачы, апетай калісьці ў паэзіі Максіма Танка. Летнія лагерныя змены ў “Зубронку” (працягласцю ў 21 дзень), якія аптымальна падыходзяць для трэцякурснікаў, – гэта 3-я, 4-я і 5-я, што акурат прыпадаюць на ліпень – жнівень, калі, пасля здачы сесіі, можна спакойна паехаць і адпачыць, і прайсці практыку ў годных умовах, а яшчэ і няблага зарабіць. А сярэдні заробак выхавацеля ў НДЦ “Зубронак”, па словах Сяргея Юр’евіча, – 2200 рублёў. Пры гэтым у студэнтаў-выхавацеляў (калі, праўда, гэта студатрад), не поўнасцю вылічваецца плата за 3-разовае харчаванне, бо ў гэтым дапамагае БРСМ.

А чым жа павінна прывабіць супрацоўніцтва з Цэнтрам нашых выпускнікоў, цяперашніх студэнтаў 4-га курса? Усё проста: абавязковая адпрацоўка пасля заканчэння ўстановы вышэйшай адукацыі можа таксама быць добра ўладкаванай і карыснай, бо для замацавання маладых спецыялістаў у НДЦ прыняты шэраг захадаў: працоўны адпачынак выхавацеля складае 57 дзён, забяспечанасць утульным інтэрнатам блочнага тыпу – 100%, у пакоі пражываюць дзве асобы, у кожным блоку ёсць 4-канфорная электрычная пліта, халадзільнік  і мікрахвалёўка, а пасцельная бялізна выдаецца бясплатна. Пральныя машыны і сушыльнае абсталяванне – таксама ў распараджэнні жыхароў інтэрната. На тэрыторыі Цэнтра – спажывецкая крама і кавярня, піцэрыя і аптэка, дзе можна не толькі набыць лекі, а і спецыяльна замовіць іх для сябе індывідуальна. Бліжэйшы медыцынскі пункт знаходзіцца ў 5-ці км ад Цэнтра, а паліклініка – у 25 км, але дабрацца да іх можна маладому супрацоўніку як транспартам “Зубронка”, так і грамадскім. Сацыяльны пакет маладога супрацоўніка таксама прадугледжвае: бясплатнае наведванне басейна, лазні, саўны, спартыўнай залы на тэрыторыі Цэнтра. За паслугі ж стаматолага, фізіятэрапеўта і цырульніка прыйдзецца заплаціць. Педагагічныя работнікі за кошт сродкаў Цэнтра поўнасцю забяспечваюцца летнім, зімовым і парадным форменным адзеннем, для іх арганізавана работа навучальных метадычных заняткаў і семінараў. У перыяд адсутнасці ў лагеры дзяцей (паміж зменамі) арганізуюцца культуралагічныя паездкі-практыкумы ў Дом ураду, Нацыянальны мастацкі музей, Музей гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама разнастайныя турысцка-экскурсійныя паездкі ў Санкт-Пецярбург, Пскоў, Маскву. Такія паездкі аплочваюцца пераважна за кошт сродкаў Цэнтра, і толькі ў памеры 10% – самімі работнікамі. Штогод сярод выхавацеляў і іншых педработнікаў праводзяцца спаборніцтвы “Лепшы па прафесіі”, конкурс “Педагог года”, канцэрты мастацкай самадзейнасці, спартыўныя і іншыя мерапрыемствы, удзельнікі і пераможцы якіх узнагароджваюцца каштоўнымі падарункамі або грашовымі прэміямі. З мэтай арганізацыі вольнага часу маладых спецыялістаў створаны спартыўна-харэаграфічны гурток, праводзяцца сустрэчы па ігравых відах спорту, дыскатэкі і іншыя цікавыя мерапрыемствы.      

Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце
акультэта замежных моў
Р.У. Серыкаў