З родным словам па жыцці

Опубликовано ias - пн, 04/05/2026 - 15:43

Гэтай вясной адзначае юбілей доктар філалагічных навук, прафесар Вольга Аляксееўна Ляшчынская. На філалагічным факультэце Вольга Аляксееўна з 1971 года, прайшла шлях ад выкладчыка да прафесара. У гонар выдатнага вучонага, педагога кафедра беларускай мовы УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны” падрыхтавала зборнік навуковых артыкулаў “З родным словам па жыцці…”.

Спраўляць юбілей вясной – вялікая радасць. Абуджаная ад доўгага сну прырода захоплена спявае гімн новаму жыццю. У такі час можна быць толькі маладой і прыгожай, актыўнай і энергічнай. І Вольга Аляксееўна менавіта такая. Яна скажа, як звяжа, заўсёды ад чыстага сэрца і з адкрытай душой; працуе не пакладаючы рук. Яна майстар сваёй справы, якая заўсёды апранута з іголачкі; якая лічыць, як ты да людзей, так і людзі да цябе.

Спраўляць юбілей вясной – вялікі клопат. Канікулы яшчэ не пачаліся, лекцыі, экзамены… жыццё ідзе поўным ходам, ад святкавання не схавацца.

Са словамі віншавання да юбіляркі звярнуліся рэктар універсітэта Сяргей Хахомаў і старшыня прафкама Сяргей Азяўчыкаў, дэкан філалагічнага факультэта Алена Палуян.

Вольга Аляксееўна – вопытны педагог, наватар, аўтар грунтоўных метадычных прац. Яна выступае з лекцыямі па актуальных пытаннях методыкі выкладання беларускай мовы, праводзіць аўтарскія курсы для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры на курсах перападрыхтоўкі кадраў,  удзельнічае ў абласных, рэспубліканскіх семінарах, педагагічных чытаннях па актуальных праблемах выкладання беларускай мовы, прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы адораных вучняў старэйшых класаў, у правядзенні алімпіяд па беларускай мове. Павіншаваць Вольгу Аляксееўну прыйшлі супрацоўнікі ўстановы “Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі”

Аўтарытэт Вольгі Аляксееўны ў навуковым свеце неаспрэчны. Яна –высокакваліфікаваны і нястомны даследчык, які актыўна займаецца навуковай работай. Ёю напісана каля 500 навуковых і метадычных работ, звязаных з пытаннямі лексікалогіі і фразеалогіі сучаснай  беларускай літаратурнай мовы, стылістыкі, лексікаграфіі, методыкі выкладання беларускай мовы, тэрміназнаўства, анамастыкі, лінгвадыдактыкі, лінгвакультуралогіі. Вольгу Аляксееўну віншуе калектыў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на чале з Ігарам Лявонавічам Капыловым.

На круглым стале быў агучаны прывітальны адрас ад імя рэктара ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы” Ірыны Кітурка і кафедры беларускай філалогіі.  

Павіншаваць Вольгу Аляксееўну з юбілеем  прыехаў прафесар кафедры беларускай і рускай філалагіі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. Шамякіна  доктар філалагічных навук Сяргей Барысавіч Кураш.

Словы віншавання даслаў доктар філалагічных навук, прафесар ГрДУ імя Янкі Купалы вядомы ў Беларусі фразеолаг Мікалай Аляксандравіч Даніловіч. З нагоды юбілею ён прэзентаваў Вользе Аляксееўне сваю новую кнігу “Дайце клею, бо самлею, або загадкі беларускай фразеалогіі”.

Таксама сёння наша юбілярка прымае віншаванні ад Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Паўла Осіпавіча Сухога і  Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Вольга Аляксееўна надае вялікую ўвагу рабоце з моладдзю, мае дар убачыць, адчуць талент, заўважыць  прыхільнасці, здольнасці, скіраваць, сарыентаваць у неабдымным свеце філалогіі. Пад навуковым кіраўніцтвам Вольгі Аляксееўны былі абаронены кандыдацкія дысертацыі. Сёння віншуюць Вольгу Аляксееўну і яе аспіранты

Вольга Аляксееўна  – сапраўдны настаўнік: чытае не па канспекце, а расказвае, размаўляе з кожным, вучыць думаць, разважаць, мець уласнае меркаванне. Вольга Аляксееўна мае энцыклапедычныя веды, якімі шчодра дзеліцца з моладдзю, стараецца, каб кожны яе вучань пакінуў сцены ўніверсітэта з трывалым багажом ведаў, бо бачыць у ім, сваім вучні, будучага педагога, якому несці святло і цеплыню роднай мовы дзецям. Віншуюць юбіляра настаўнікі – выпускнікі філалагічнага факультэта

Спраўляць юбілей вясной – вялікая адказнасць. Пасеянае вясной павінна даць плён. Няўрымслівая, актыўная, неверагодна працаздольная, Вольга Аляксееўна ў штодзённым, руплівым руху, нястомна працуе яна на ніве роднай мовы. І вынік ёсць  – у вучнях, дзецях, унуках, праўнучцы, мудрых кнігах…

Невычэрпная энергія розуму, дабрыні, прыгажосці няспынна вядзе гэтую вытанчаную,  інтэлігентную жанчыну наперад. 

Усе выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта ад усяго сэрца віншуюць Вас, Вольга Аляксееўна, з юбілеем. Нам вельмі пашанцавала, што Вы – наш супрацоўнік, калега, сябар.  Побач з такім чалавекам лёгка: Вы разумеце людзей, заўважаеце іх лепшыя рысы, падтрымліваеце і словам, і справай. Вашай энергіі, аптымізму, здольнасці бачыць перспектывы і знаходзіць сілы для іх дасягнення можна пазайздросціць. Ад душы віншуем цудоўную маці, якая выхавала добрых дачок, песціць унукаў і праўнучку. Бадзерасці Вам, сілы, натхнення. Няхай Вам шчасціць!