Урокі беларускай мовы ў выставачнай зале ўніверсітэта

Submitted by Dmitry_Gorbachev on чцв, 01/02/2024 - 08:52

У выставачную залу ГДУ імя Францыска Скарыны завіталі госці з дзяржаўных устаноў адукацыі “Красненская сярэдняя школа” і “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна”.

Вучні старэйшых класаў, удзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах “Казка сваімі рукамі” і “Чараўніцы”, пачалі сваю экскурсію з выставачнай галерэі “Нашчадкі спадчыны Скарыны”. Дзеці пазнаёміліся з цікавымі фактамі біяграфіі Францыска Скарыны і пачулі аповед аб сучаным жыцці ўніверсітэта, які ўжо 35 год носіць імя славутага беларускага першадрукара. Таксама яны наведалі музей грошай на эканамічным факультэце.

У выставачнай зале школьнікі пазнаёміліся з творчасцю знакамітага беларускага паэта Максіма Танка і 5-й перасоўнай рэспубліканскай выставай сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў “ГРАНІ ТВОРЧАСЦІ 2022-2023”, прымеркаванай да 110-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка.

Экскурсанты ўбачылі, як праз сінтэз літаратуры, фатаграфіі, лічбавай графікі і жывапісу ў студэнтаў – удзельнікаў конкурсу – атрымалася па-новаму адчуць паэзію Максіма Танка, прадстаўленую ў наступных намінацыях: «Візуальны сэт. Я гэта люблю падарожжа», «Фотаканцэпт. Мне пару крыл дало юнацтва», «Летэрынг. Дзіўная родная мова», «Графіка. Метафары ў колеры».

Асабліва цікавай для прагляду была выставачная частка “Летэрынг. Дзiўная родная мова” – творчае асэнсаванне радкоў з верша Максіма Танка “Родная мова”: “З таго, што лягло назаўсёды ў аснову святыні народа, бяссмерця яго, – ты выткана, дзіўная родная мова”.

Куратар выставачнага залу Людміла Дуброўская звярнула ўвагу на знак беларускага арнаменту, які прысутнічаў на некалькіх экспанатах. Вучні даведаліся, як іх продкі на ручніках пісалі гісторыю свайго жыцця, свайго народа, паколькі менавіта арнаментальныя матывы ілюструюць рэгіянальныя асаблівасці беларускіх традыцый. Дарэчы, знак “Агонь” быў выкарастаны ў тэматыцы майстар-класа, што быў праведзены ў межах мерапрыемства.

Для разумення работ, прадстаўленых у намінацыі «Графіка. Метафары ў колеры», было прапанавана пытанне: як вы разумееце, што такое шчасце? Адказы гучалі на роднай мове. Вучні  чыталі вершаваныя радкі і, абапіраючыся на студэнцкія работы і твор М. Танка “Шчасце”, тлумачылі, як разумеюць сэнс гэтага паняцця.

Інтэрактыў з дзецьмі рознага ўзросту (чытанне вершаў, вывучэнне незнаёмых слоў і інш.) дапамог у чарговы раз упэўніцца ў мілагучнасці беларускай мовы.

Сэнс радкоў верша Максіма Танка “О РОДНАЯ ЗЯМЛЯ! ТЫ – КНІГА ВЕЧНАГА ЖЫЦЦЯ” зразумелі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства. Вось такім цікавым і карысным атрымаўся урок роднай мовы.