14 чэрвеня на філалагічным факультэце ГДУ імя Ф. Скарыны былі падведзены вынікі Міжнароднага адукацыйнага праекта «Летняя школа беларускай мовы і культуры». Удзельнікамі праекта сталі студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава.
Праграма школы ўключала практычныя заняткі па фанетыцы і граматыцы беларускай мовы, лекцыі ад прафесараў В. А. Ляшчынскай, А. М. Мельнікавай, І. Ф. Штэйнера.
Культурная праграма была накіравана на развіццё маўленчых навыкаў праз знаёмства з гісторыяй і культурай нашай краіны.
Удзельнікі Летняй школы беларускай мовы і культуры наведалі з экскурсіяй палац Булгакаў у Жылічах і сядзібу Козел-Паклеўскіх ў Чырвоным Беразе. Палац у Жылічах уразіў веліччу архітэктурнага рашэння, багаццем дэкору, вытанчанасцю аздаблення
Сядзіба Козел-Паклеўскіх – нібы замак з дзіцячых казак. Разнастайнасць гістарычных стыляў (ад готыкі да барока) у інтэр'ерах, арабскія матывы, маляўнічы парк – усё гэта спадабалася гасцям з Масквы.
Мемарыяльны комплекс «Дзецям – ахвярам вайны» не пакінуў нікога абыякавым. Тут гісторыя гаворыць галасамі самых безабаронных, прымушаючы задумацца пра каштоўнасць жыцця!










