У Гомелі на абласной канферэнцыі «Пошук» працавала секцыя беларускага літаратуразнаўства

Опубликовано ias - вт, 10/11/2026 - 13:23

У Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі ў межах абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў 9-11 класаў «Пошук» працавала прадметная секцыя па беларускай літаратуры. Гэта мерапрыемства аб’яднала школьнікаў у складзе напрамку «Літаратуразнаўства», дзе юныя даследчыкі прадставілі вынікі ўласных праектаў.

У рабоце секцыі прынялі ўдзел 12 школьнікаў. Кожны з іх прадставіў свой даследчы праект. Падчас выступленняў многія ўдзельнікі дапоўнілі свае даклады чытаннем вершаў. Старшыня журы Алеся Андрэева адзначыла, што ўсе ўдзельнікі паказалі годныя вынікі і прадэманстравалі ўпэўненыя навыкі публічнай абароны.

«Удзельнікі разам з іх навуковымі кіраўнікамі правялі грунтоўную работу. Радуе, што школьнікі зацікаўленыя ў правядзенні даследаванняў і выяўляюць цудоўныя аналітычныя навыкі. На дадзеным этапе ацэньваецца ўменне падрыхтаваць пераканаўчы тэкст і прэзентацыю выступлення, а таксама ўменне прадстаўляць сваю работу перад аўдыторыяй і адказваць на пытанні журы», – адзначыла Алеся Уладзіміраўна.

Сярод прадстаўленых работ увагу прыцягнула даследаванне Дамінікі Казловай, вучаніцы 11 класа Акцябрскай раённай гімназіі. Школьніца прыехала на канферэнцыю разам з бабуляй.

«Мая бабуля заўсёды спявала мне песні з дзяцінства, мы вельмі часта выступаем разам. Гэта вельмі цікава – паказаць пераемнасць традыцый праз сумесны спеў. Мы доўга збіралі матэрыял, трэба было ўсё правільна размеркаваць і пачуць манеру выканання, але гэта было не цяжка, а нават займальна», – расказала Дамініка.

Тэматыка даследаванняў аказалася разнастайнай. У шэрагу работ школьнікі зрабілі ўпор на выкарыстанне сучасных тэхналогій. У прыватнасці, юныя даследчыкі аналізавалі магчымасці прымянення інструментаў штучнага інтэлекту ў працэсе вывучэння літаратуры.

Настаўніца адной з удзельніц, Ірына Храмцова з горада Светлагорска, у гутарцы падкрэсліла практычную значнасць падобных мерапрыемстваў.

«Супярнікі ў нас вельмі годныя, узровень высокі. Мы атрымалі вялікі вопыт і зразумелі, што працаваць трэба яшчэ больш. Для школьнікаў гэта вельмі цікава, асабліва калі яны самі выбіраюць тэму і могуць паглыбіцца ў яе», – адзначыла педагог.

Па выніках работы секцыі лепшыя даследчыя праекты будуць рэкамендаваны для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе канферэнцыі.

Матэрыял падрыхтавалі: Валенсія ГАЛУБОВІЧ, Кіра ГЕРМАН (Жур-31)

Фотоотчёт