З ЛЮБОЎЮ ДА НАРОДНАЙ ДУХОЎНАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ

Опубликовано ias - пт, 25/11/2022 - 13:13

Ці захоўвае моладзь традыцыі продкаў? Безумоўна, захоўвае. У гэтым упэўніліся ўсе, хто завітаў 24 лістапада ў Славянскую бібліятэку. Студэнты філалагічнага факультэта пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук, прафесара В. С. Новак наладзілі цудоўнае мерапрыемства, прысвечанае святам народнага календара беларусаў Гомельшчыны.

Маладыя людзі праінсцэніравалі асобныя фрагменты каляндарна-абрадавага фальклору (абрад ваджэння казы, навагоднюю варажбу, масленічны абрад “Калодка”, вясельны звычай “Рада ў хаце бацькоў жаніха”) і тэматычную музычна-харэаграфічную замалёўку, якія падаравалі гледачам атмасферу старадаўняй традыцыйнай культуры беларусаў.

Выклікалі цікавасць паведамленні студэнтаў пра мясцовую спецыфіку фальклорна-этнаграфічнай спадчыны раёнаў Гомельшчыны.

Словы ўдзячнасці хочацца адрасаваць усім удзельнікам мерапрыемства, якія з любоўю і павагай ставяцца да духоўнай культуры продкаў, захоўваюць яе і папулярызуюць, – студэнтам філалагічнага факультэта. Асобна варта адзначыць натхняльнікаў і рэжысёраў мерапрыемства – студэнтку групы РФ-41 Ніну Алдакушкіну і сакратара кафедры рускай і сусветнай літаратуры Анастасію Лабановіч.

Дарэчы, Ніна выступае рэжысёрам фальклорнага свята ўжо другі раз. І на пытанне аб тым, чаму яна гэтым займаецца, адказвае так:

– Захаванне спрадвечных абрадаў і звычаяў – гэта вельмі важна. Традыцыі нашых продкаў павінны перадавацца з пакалення ў пакаленне, таму што транслюецца спаконвечная народная мудрасць. А калі ты бачыш ініцыятыўных дзяўчат і хлопцаў, у якіх ёсць жаданне творча сябе рэалізаваць, то натхняешся гэтым запалам і працуеш. Добра, калі народная духоўная спадчына, аздабляючыся новымі фарбамі, працягвае жыць у сэрцах моладзі.