Зносаўстойлівыя пакрыцці на экспарт (Сайт газеты «Настаўніцкая газетa»)

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - ср, 03/02/2021 - 16:12

Міжнародная Кітайска-Беларуская навуковая лабараторыя па вакуумна-плазменных тэхналогіях у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны стала лепшым міжнародным навукова-даследчым праектам мінулага года. Праект накіраваны на павелічэнне долі экспарту навукаёмістай прадукцыі.

Гэтая лабараторыя ўваходзіць у склад Навукова-даследчага фізіка-хімічнага інстытута. У 2012 годзе адбылося яе адкрыццё на базе Гомельскага дзяржуніверсітэта і Нан­кінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій (КНР). Кіраўнік з беларускага боку — член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар хімічных навук, прафесар Аляксандр Рагачоў. З кітайскага боку лабараторыю ўзначальвае рэктар Нанкінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій, прафесар Ван Ксяафэн.

Міжнародная кааперацыя навукоўцаў прыносіць плён. На базе лабараторыі выкананы шэраг навукова-даследчых праектаў і кантрактаў. Толькі летась супрацоўнікамі фізіка-хімічнага інстытута выконвалася дзевяць заданняў у межах дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, восем дагавораў з Беларус­кім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў. Важнай і перспектыўнай падзеяй стала падпісанне замежнага кантракта на пастаўку абсталявання і распрацоўку тэхналагічных рэкамендацый па нанясенні вугляродных і металічных пакрыццяў на суму 64 000 долараў з кампаніяй Taiyuan Yicheng Laboratory Equipment Co., Ltd. (г.Тайюань, КНР).

Асноўныя кірункі дзейнасці — распрацоўка вакуумных метадаў сінтэзу нанаразмерных кампазіцыйных пакрыццяў рознага функцыянальнага прызначэння на аснове арганічных і неарганічных злучэнняў. Размова ідзе пра зносаўстойлівыя пакрыцці для металаапрацоўчага інструменту, пакрыцці з антыбактэрыяльнымі ўласцівасцямі для медыцыны, аптычныя пакрыцці.
Навуковыя распрацоўкі і дасягненні супрацоўнікаў лабараторыі ўмацоўваюць беларуска-кітайскія адносіны ў цэлым і адносіны ГДУ і Нанкінскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій у прыватнасці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Андрэя Вялікага

https://nastgaz.by/znosaustojlivyya-pakrytstsi-na-ekspart/