У выдавецкім доме «Гомельскай праўды» пры фінансавай падтрымцы фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» убачыла свет кніга «Прыпяці вечныя берагі», прысвечаная жамчужыне Палескага рэгіёна – Нараўляншчыне. Выданне знітоўвае мінулае і сучаснае, захоўвае дыяменты народнай культуры і сведчыць, што на Гомельшчыне ніколі не перасохне крыніца творчасці і натхнення.
Асноўная частка змяшчае фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, запісаныя падчас экспедыцый выкладчыкамі і студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, з захаваннем фанетычных, марфалагічных і сінтаксічных асаблівасцей мясцовай гаворкі.
– Гэты багаты векавы набытак малой радзімы, непаўторны свет народнага мастацтва рупліва захавалі і перадавалі ў спадчыну жыхары, – упэўнена доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Новак.
У кнізе чытач знойдзе каляндарныя і сямейныя абрады, звычаі, песні, прыказкі, прымаўкі, загадкі, міфалагічныя звесткі, а шматлікія прыкметы і павер’і на думку кандыдата філалагічных навук, дацэнта Алены Кастрыцы з’яўляюцца своеасаблівым штодзённым кодэксам паводзін. Цікавасць выклікаюць звесткі пра гісторыю Нараўляншчыны ад кандыдата гістарычных навук, дацэнта ГДУ Станіслава Чаропкі, матэрыялы пра родныя назвы бацькоўскай зямлі, з любоўю пададзеныя ўраджэнкай Нараўляншчыны кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Наталляй Багамольнікавай, расповеды аб творчых людзях і самабытнасці раёна, прыведзеныя першым намеснікам галоўнага рэдактара «Гомельскай праўды» Вячаславам Мінковым, звесткі пра знакамітых людзей, якія праслаўлялі працай і дасягненнямі нараўлянскую зямлю, падрыхтаваныя дырэктарам мясцовага гісторыка-этнаграфічнага музея Раісай Бобр.
– Выданні з серыі «Мая малая радзіма», прысвечаныя народнай спадчыне раёнаў Гомельскай вобласці, надзвычай каштоўныя, бо застаецца ўсё менш людзей, якія памятаюць традыцыі роднай зямлі. Кніга «Прыпяці вечныя берагі» сведчыць аб захаванні жыхарамі Нараўляншчыны духоўных скарбаў для наступных пакаленняў, – лічыць Валянціна Новак.