Вядучы ў рэгіёне і заўважны ў свеце (Сайт «Абiтурыент»)

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - вт, 24/11/2020 - 15:47

На мінулым тыдні 90-гадовы юбілей адзначыў адзін з буйнейшых універсітэтаў краіны — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Мы даведаліся пра гісторыю ўстановы вышэйшай адукацыі і яе сучаснае месца на міжнароднай арэне.

Гістарычны агляд

Афіцыйнай датай стварэння ўстановы вышэйшай адукацыі з’яўляецца 21 чэрвеня 1930 года. Пасля актыўнай падрыхтоўкі 8 лістапада 1930 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Гомельскага педагагічнага інстытута. Першым дырэктарам быў прызначаны Іван Фядотавіч Ермакоў.

— Інстытут пачаў работу ў складзе двух аддзяленняў: фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага. У яго структуру таксама ўвахо­дзілі вячэрні інстытут, якi ажыццяўляў павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў гомельскіх школ, і рабфак, які рыхтаваў абітурыентаў. 5 сакавіка 1939 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Гомельскаму педагагічнаму інстытуту было прысвоена імя знакамітага лётчыка Валерыя Паўлавіча Чкалава, — расказвае дэкан гістарычнага факультэта Станіслаў Чаропка.

1 мая 1969 года на базе педінстытута адбылося адкрыццё Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пастановай Савета Міністраў БССР ад 29 лістапада 1988 года яму было прысвоена імя Францыска Скарыны. Рэктарам стаў вядомы вучоны, член-карэспандэнт, а ў будучыні акадэмік АН БССР Ула­дзімір Аляксеевіч Белы. У той час у складзе ўніверсітэта былі гісторыка-філалагічны, механіка-матэматычны, фізічны, біёлага-глебавы, геалагічны, эканамічны факультэты і факультэт фізічнага выхавання.

— У 1998 годзе ўніверсітэт паспяхова прайшоў сваю першую дзяржаўную атэстацыю. Па яе выніках дзяржаўная атэстацыйная камісія зрабіла заключэнне, што ГДУ з’яўляецца вядучай вышэйшай навучальнай установай Гомельскага рэгіёна, — дадае Станіслаў Аляксандравіч.

Сяргей ХАХОМАЎ, рэктар ГДУ імя Францыска Скарыны:

— Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт — мая альма-матар. Сёння ён развіваецца як класічны ўніверсітэт еўрапейскага тыпу, які спалучае фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, гуманітарныя і тэхнічныя навукі, павагу да нацыянальных традыцый і арыентацыю на лепшыя ўзоры сусветнай культуры. Вялікіх поспехаў дасягнуў універсітэт у галіне міжнароднага супрацоўніцтва. На працягу апошніх пяці гадоў стабільна павышаецца якасць міжнароднай дзейнасці, расце прызнанне за мяжой.

Прыемна ўсведамляць, што свой дзень нара­джэння Гомельскі ўніверсітэт сустракае, не толькі дэманструючы адпаведнасць выклікам сённяшняга дня, але і маючы вялікі творчы і прафесійны патэнцыял, добры зачын для новых поспехаў і плённых пачынанняў. Усім прадстаўнікам скарынаўскай сям’і жадаю яркіх здзяйсненняў, любові да сваёй справы, новых смелых ідэй, здароўя і дабрабыту!

Універсітэт еўрапейскага тыпу

Паводле апошніх даных рэйтынга су­светных універсітэтаў Webometrics, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны стаў чацвёртым сярод лепшых у Беларусі. У параўнанні са сту­дзенем 2020 года ГДУ падняўся ў сусветным рэйтынгу на 417 пунктаў і ўвайшоў у 12% лепшых устаноў адукацыі свету.

— Ва ўніверсітэце дзейнічаюць 168 да­гавораў аб супрацоўніцтве з замежнымі адукацыйнымі, навуковымі ўстановамі больш чым з 25 краін свету, — расказвае начальнік аддзела міжнародных сувязей ГДУ Аляксандр Грахоцкі. — Летась пры ГДУ быў адкрыты Інстытут Канфуцыя, створаны сумесна з Нанкінскім універсітэтам навукі і тэхналогіі. У межах яго дзейнасці арганізавана навучанне кітайскай мове на базе ўніверсітэта, гімназіі № 10, сярэдняй школы № 72, гімназіі № 71 і Ірынінскай гімназіі Гомеля.

У межах супрацоўніцтва з Шанхайскім прафесійным інстытутам індустрыі, камерцыі і замежных моў на базе ГДУ імя Францыска Скарыны адкрыты Цэнтр навучання кітайскай мове. Згодна з міжнароднымі праграмамі акадэмічнага абмену, студэнты маюць магчымасць праходзіць стажыроўкі і ўдзельнічаць у міжнародных летніх школах у вядучых універсітэтах свету.

— Мы прыцягваем вядучых замежных спецыялістаў з розных галін навукі для чытання лекцый. Да нас прыязджаюць вучоныя з такіх краін, як Германія, Швецыя, Фінляндыя, Партугалія, Індыя, Румынія, Расія, Італія, Польшча і іншых, — падкрэслівае Аляксандр Паўлавіч.

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны — 90 гадоў захапляльнай гісторыі.

Інтэрнацыяналізацыя навукі

У склад універсітэта ўваходзяц­ь два навукова-даследчыя інстытуты: гісторыі і культуры ўсходне­славянскіх народаў і фізіка-хімічны. З 68 навукова-даследчых лабараторый 48 — студэнцкія. Больш падрабязна пра навуковае жыццё ўніверсітэта паведамляе начальнік навукова-даследчага сектара Руслан Баро­дзіч:

— Рэзервам навуковых і педагагічных кадраў з’яўляецца аспірантура і дактарантура. Падрыхтоўка аспірантаў вя­дзецца па 46 навуковых спецыяльнасцях, дактарантаў — па 6 спецыяльнасцях, у тым ліку і на англійскай мове.

Ва ўніверсітэце таксама працуюц­ь 3 спецыялізаваныя саветы па абароне дысертацый па 4 спецыяльнасцях (1 — па абароне доктарскіх і 2 — па абароне кандыдацкіх). Выдаюцца 2 навуковыя часопісы: “Весці ГДУ” і “Праблемы фізікі, матэматыкі і тэхнікі”. Выданні ўнесены ў пералік ВАК для публікацыі матэрыялаў дысертацыйных даследаванняў, а таксама ў Агульнарасійскі матэматычны партал Math-Net.Ru і ў Навуковую электронную бібліятэку eLIBRARY.RU.

Руслан Бародзіч падкрэслівае, што ў ГДУ імя Францыска Скарыны паспяхова функцыянуюць 3 міжнародныя лабараторыі. Кітайска-Беларуская навуковая лабараторыя па вакуумна-плазменных тэхналогіях створана сумесна з Нанкінскім універсітэтам навукі і тэхналогіі. Польска-Беларуская навуковая лабараторыя золь-гель матэрыялаў і тэхналогій заснавана разам з Інстытутам нізкіх тэмператур і структурных даследаванняў імя В.Тжэбеятоўскага Польскай акадэміі навук. А Кітайска-Беларуская навуковая лабараторыя электрамагнітных метаматэрыялаў і тэхналогіі шматфункцыянальных плазменных пакрыццяў стала вынікам плённага супрацоўніцтва з Пекінскім політэхнічным інстытутам.

Вучоныя Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта выконваюць даследаванні па праекце TransFerr, які рэалізуецца ў рамках праграмы Еўрапейскага саюза па навуцы і інавацыях “Гарызонт-2020”. Выконваюцца таксама 2 праекты Цэнтральна-Еўрапей­скай Ініцыятывы.

— ГДУ імя Францыска Скарыны з’яўляецца выканаўцам шэрага міжнародных праектаў у рамках праграмы Еўрапейскай камісіі для сферы вышэйшай адукацыі ERASMUS+. Каардынатарам праекта UNILAB “Ад універсітэта да рынку працы ў ХХІ стагоддзі: крок да навучання ў рэальных умовах вытворчасці” з’яўляецца Еўрапейская сетка бесперапыннай адукацыі. Праект CyberPhys “Распрацоўка практычна накіраванага асобасна арыентаванага навучання ў сферы мадэлявання кіберфізічных сістэм” каардынуе Рыжскі тэхнічны ўніверсітэт. А Балонскі ўніверсітэт каардынуе праект RADIUM “Навучанне на аснове перадавога вопыту ЕС у галіне абароны ад радыеактыўнага выпраменьвання і культуры радыяцыйнай бяспекі для Беларускай акадэміі”, — паведамляе нашым чытачам рэктар ГДУ Сяргей Хахомаў.

Сумесныя праграмы падрыхтоўкі

Магістранты спецыяльнасці “Фізіка” маюць магчымасць вучыцца па сумеснай адукацыйнай праграме ГДУ і Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта “Маскоўскі інстытут электроннай тэхнікі”. На спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне народнай гаспадаркай” рэалізуецца сумесная адукацыйная праграма з Курскай акадэміяй дзяржаўнай і муніцыпальнай службы. Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт ажыццяўляе сумесную падрыхтоўку спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі з універсітэтам Шыдзуока. Так, лепшыя выпускнікі факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій могуць прайсці навучанне ў аспірантуры японскага ўніверсітэта і атрымаць ступень PhD за мяжой.

У рамках стратэгічнага партнёрства пры Шанхайскім прафесійным інстытуце індустрыі, камерцыі і замежных моў дзейнічае філіял ГДУ імя Францыска Скарыны. Там вядзецца сумесная падрыхтоўка спецыялістаў па спецыяльнасці “Руская філалогія”: 2,5 года кітайскія студэнты вучацца ў Шанхаі, затым два наступныя гады праходзяць падрыхтоўку ў Гомелі, дзе атрымліваюц­ь дыплом бакалаўра. У студзені 2020 года адбыўся першы выпуск студэнтаў гэтай праграмы.

Сумесна з Маскоўскім дзяржаўным абласным універсітэтам, Варонежскім дзяржаўным лесатэхнічным універсітэтам імя Г.Ф.Марозава, Міжнародным універсітэтам SILKWAY (Казахстан) ГДУ імя Францыска Скарыны рэалізуе праграмы ўключанага навучання.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

https://abituryent.ng-press.by/vyaduchy-%d1%9e-regiyone-i-za%d1%9evazhny-%d1%9e-svecze/